Беларуская АЭС будзе каштаваць пад 13 мільярдаў долараў?

Пастановай №857 Саўмін зацвярджае кошт Беларускай АЭС. Але зразумець, колькі будзе каштаваць атамная станцыя, з дакумента немагчыма. Усе лічбы, акрамя выдаткаў у доларах, прыведзеныя ў “старых” коштах:

“1.2. архітэктурны праект “Беларуская АЭС” (зводка выдаткаў) папярэдняй каштарыснай вартасцю 44 581 929,12 тыс. расійскіх рублёў у коштах 2001 года, 2 864 223 491,3 тыс. беларускіх рублёў у коштах 2006 года, 340 860 тыс. долараў ЗША”.

Патлумачыць гэтыя лічбы Еўрарадыё папрасіла намесніка дырэктара “Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі” Андрэя Баркуна:

“Там кошт усяго архітэктурнага праекта Беларускай АЭС. У яго ўваходзіць сама Беларуская АЭС, яе кошт вызначаны ў расійскіх рублях. Таксама інфраструктура, якую Беларусь стварала да падпісання крэдытнай дамовы — яе кошт у беларускіх рублях. Акрамя таго, у доларах — гэта выдача магутнасці з АЭС, якая будзе будавацца па кантракце з Кітаем”.

Назваць індэксы, на якія трэба памножыць кошты 2001 і 2006 гадоў, каб атрымаць сучасныя кошты, Андрэй Баркун наўскідку не можа. Справа ў тым, што расійскі Мінрэгіён абнаўляе іх штоквартальна, а беларускі “Рэспубліканскі навукова-тэхнічны цэнтр па коштаўтварэнні ў будаўніцтве” (РНТЦ) — дык і ўвогуле раз на месяц. Утрымаць шматлікія індэксы ў галаве немагчыма, а заблытацца ў іх вельмі лёгка!

Калі проста перавесці ў долары лічбы з пастановы, атрымаецца крыху больш за $2 млрд. Прыкладна такі кошт Беларускай АЭС агучваў у 2005 годзе намеснік дырэктара “Аб’яднанага інстытута ядзерных выпрабаванняў “Сосны” Анатоль Якушаў. Сумна, але за наступныя 8 гадоў праект станцыі падаражэў у 4 разы: у ліпені 2012 года Беларусь і Расія дамовіліся, што АЭС будзе будавацца за расійскі крэдыт у 10 мільярдаў долараў.

Аднак нават простай і зразумелай лічбы — $10 млрд. — у пастанове Саўміна няма. Цалкам магчыма, што ва ўрадзе проста не падумалі пра нас, звычайных людзей, якім карціць даведацца, у колькі ж насамрэч абыйдзецца краіне атамная станцыя. Але больш верагоднай Еўрарадыё здаецца іншая версія: выдаткі на Беларускую АЭС перавалілі за 10 мільярдаў долараў, і Саўмін проста не хоча нам іх паказваць. Таму і публікуе ў пастанове праўдзівыя, але незразумелыя кошты.

На тое, каб перавесці “старыя” кошты ў сучасныя, Еўрарадыё змарнавала некалькі гадзінаў. Не дапамаглі ні тэлефанаванні ў тры міністэрствы, ні РНТЦ: індэксы давялося шукаць самім, што яшчэ больш умацавала нас у нашай версіі. Разлікі атрымаліся прыкладныя: акрамя агульнага, па кожным з відаў будаўніцтва ёсць свае індэксы, якія мы не ўлічвалі. Да таго ж, Але нам важна даведацца парадак лічбы: калі гаворка ідзе пра суму ў 10 мільярдаў, памылка ў некалькі мільёнаў не прынцыповая.

Вынікі пошукаў наступныя:

44 581 929 120 расійскіх рублёў у коштах 2001 года памнажаем на 7,83. Гэта індэкс 6,80 + падвышаючы каэфіцыент 1,03, які ўжываецца да індэкса пры вызначэнні кошту будаўніцтва атамных станцый. У коштах III квартала 2013 года Беларуская АЭС каштуе 349 076 505 009,6 расійскага рубля, ці 10 790 618 392,8 долара па курсе на 6 лістапада 2013 года.

Але ж гэта не ўсё! Яшчэ ёсць выдаткі ў беларускіх рублях. 2 864 223 491 300 беларускіх рублёў у коштах 2006 года памнажаем на 5,6795. Гэта агульны індэкс змянення коштаў будаўніча-мантажных работ з улікам кошту матэрыяльных рэсурсаў па Гродзенскай вобласці. Атрымліваем 16 267 357 318 838,35 беларускіх рублёў у коштах кастрычніка 2013 года. Гэта 1 762 443 913,2 долара (ізноў жа, па курсе на 6 лістапада).

Суміруем гэтыя лічбы і дадаём 340 860 000 долараў — выдаткі па кітайскім кантракце. Атрымліваем 12 893 922 306 долараў. 12,8 мільярда! Калі мы не памыліліся ў разліках, за год праект АЭС падаражэў амаль на $3 млрд. Калі беларусы пагаджаліся на будаўніцтва атамнай станцыі, яе кошт быў зусім іншым!

Ці патрэбна нам настолькі дарагая АЭС? Пра гэта ў нас ужо не пытаюцца.

Як рос кошт Беларускай АЭС

У 2005 годзе намеснік старшыні “Аб’яднанага інстытута ядзерных выпрабаванняў “Сосны” Анатоль Якушаў казаў, што АЭС будзе каштаваць 2,5-3 мільярды долараў. Але ўжо праз год у Міхаіла Мясніковіча сума вырасла да 3,5 мільярда долараў. Яшчэ праз год тагачасны міністр фінансаў Мікалай Корбут казаў пра 4 мільярды.

У 2009 годзе мы папрасілі ў Расіі крэдыт на будаўніцтва АЭС — 9 мільярдаў долараў. У 2011 годзе Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што станцыя з інфраструктурай будзе каштаваць $9 млрд., “у тым ліку каля 6 мільярдаў будзе каштаваць сама станцыя і $3 млрд. — інфраструктура”. А ў 2012 годзе мы нарэшце падпісваем з Расіяй пагадненне аб будаўніцтве АЭС. Там вядзецца гаворка пра крэдыт у 10 мільярдаў долараў на 25 гадоў.

Фота: realt.onliner.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі