Будоўля АЭС: рабіць дарогі і фарбаваць батарэі будуць лепшыя з БРСМ
Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў уладкавацца на Усебеларускую моладзевую будоўлю беларускай АЭС у Астраўцы.
Будучая беларуская атамная станцыя — “Усебеларуская моладзевая будоўля”, згодна з ўказам Аляксандра Лукашэнкі аб “Моладзевых будоўлях”.
“Звяртайцеся ў БРСМ. Гэта іх ініцыятыва. Мы ж не можам тут фарміраваць моладзевы атрад”, - каротка адказваюць мне ў аддзеле кадраў Дырэкцыі па будаўніцтве беларускай АЭС. На працу так проста не бяруць.
У Цэнтральны камітэт БРСМ чаргі з дабравольцаў… няма. Я першы, хто хоча на будоўлю будучай АЭС і мне пакуль дапамагчы не могуць. А вось у Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў абяцаюць ад 11 да 19 мільёнаў за два месяцы. Але гэта калі я прайду конкурс.
“У бліжэйшы час арганізуюць конкурс. Самі ж разумееце, што калі гэта “Усебеларуская будоўля”, то будуць адбіраць лепшых з лепшых. Ад кожнага рэгіёна будзе фармавацца атрад. Звярніцеся ў сваю пярвічку ва ўніверсітэце”, — раяць мне ў штабе. Лепшыя з лепшых будуць будаваць дарогі, капаць і фарбаваць батарэі!
“У мінулым годзе працаваў беларуска-расійскі атрад. З Расіі зараблялі ад 11 да 19 мільёнаў за няпоўныя два месяцы. Гэта залежыць ад таго, якая праца. Яны рабілі батарэі, фарбавалі іх, там будаўнічыя працы на дарозе, па добраўпарадкаванні там працы ёсць. У гэтым годзе больш працы будзе”, — але, каб уладкавацца, трэба быць у БРСМ.
На АЭС чакаюць студэнтаў БНТУ, падказваюць мне ў Міністэрстве адукацыі:
“Хутчэй за ўсё, патрэбныя будуць студэнты БНТУ, тэхнічных, будаўнічых спецыяльнасцяў. Такія спецыялісты ездзілі ў мінулым годзе”.
Цяпер на АЭС працуе 9 беларускіх будаўнічых кампаній і 2 расійскія. Сёлета на будоўлі АЭС плануюць засвоіць 470 мільёнаў долараў, паведамляе Белта.
На фота - будоўля беларускай АЭС, фота: atom.belta.by