ЦВК прыняў адзінаццаць заяваў на рэгістрацыю груп кандыдатаў

У Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі падалі ўжо 11 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду прэзідэнтаў. Сёння дакументы сваёй групы ў ЦВК аднесла Тамара Бірукова — яшчэ адна невядомая ў палітычнай прасторы асоба.

Раней дакументы ў ЦВК здалі групы Сяргея Заблоцкага, Ірыны Першынай, Жанны Раманоўскай, Міколы Статкевіча, Анатоля Лябедзькі, Таццяны Караткевіч, Андрэя Канаўца, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Лукашэнкі.

Падаць дакументы на рэгістрацыю сваёй групы спрабаваў і беспрацоўны Юрый Шульган, але яго нават не пусцілі ў ЦВК, бо ён выглядаў нецвярозым. Спроба падаць заяву скончылася для яго затрыманнем.

Таксама пра свае прэзідэнцкія амбіцыі раней выказваліся прадпрымальнікі Уладзіслаў Цітовіч і Юрый Радзькоў, але сёння, у апошні дзень падачы дакументаў у ЦВК, яны заявілі, што не будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Сёння ж Цэнтрвыбаркам паведаміў, што ўжо зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі