Дзяржкантроль заяўляе пра 100 злачынстваў па "фінансаванні экстрэмізму і тэрарызму"
Васіль Герасімаў / sb.by
У 2025 годзе ў Беларусі былі спыненыя 100 злачынстваў, звязаных з "фінансаваннем тэрарызму і экстрэмізму". Пра гэта заявіў старшыня Камітэта дзяржкантролю (КДК) Васіль Герасімаў, выступаючы на сумесным пасяджэні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
Герасімаў паведаміў, што КДК займаецца ў тым ліку процідзеяннем "фінансаванню тэрарызму, экстрэмізму, іншай дзейнасці, якая нясе пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны". Паводле яго, падчас "фінансавання экстрэмізму" выяўленыя асобы выкарыстоўвалі "спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне, тэхнічныя сродкі, рэсурсы сеткі інтэрнэт, а таксама тэхналогію блокчэйн".
Рэжым Лукашэнкі залічвае да "экстрэмізму" ўсіх палітычных праціўнікаў. І пад "фінансаваннем экстрэмізму" нярэдка маюцца на ўвазе зборы для разнастайных фондаў салідарнасці або нават пераводы грошай палітвязням, якіх прызналі "экстрэмістамі".
Таксама Герасімаў расказаў, што летась яго ведамства выявіла 195 злачынстваў, звязаных з ухіленнем ад выплаты падаткаў, больш за 120 злачынстваў, звязаных з выплатай заробкаў "у канвертах", 158 карупцыйных злачынстваў і 71 выпадак неправамернага пасярэдніцтва.