Гітарыст Beady Eye ізноў у гіпсе
Гэтым разам музыка паслізнуўся ў ванне і моцна паламаў нагу. Відаць, усё ж на гастролі з Галахерам і кампаніяй ён не паедзе.
Не паспеў Джэм Арчар прыйсці ў сябе пасля сур’ёзнай траўмы галавы, як зламаў нагу. Няшчасце здарылася з гітарыстам каманды Beady Eye падчас водных працэдур ва ўласнай ванне. Прычым, кажуць сябры бедалагі, нага пераламалася адразу ў двух месцах. Цяпер да гіпсавага шалому на галаве музыкі дадаўся гіпс на назе.
Раней фронтмэн Beady Eye Ліам Галахер запэўніваў фэнаў, што да пачатку запланаваных на лістапад брытанскіх канцэртаў каманды Арчар абавязкова паправіцца. Цяпер жа, відавочна, гурту ўсё ж давядзецца шукаць замену Арчару, бо траўма нагі апынулася вельмі сур’ёзнай.
Прэс-служба Beady Eye пакуль не каментуе сітуацыю. На лістапад у гурта запланавана 9 выступаў у Брытаніі і Ірландыі.
Паводле music.com.ua
Фота: www.spokeo.com