Хто хоча ў Расію больш: беларусы ці Крым? Вынікі апытанняў

“Мы такія даследаванні праводзім штогод сумесна з расійскай сацыялагічнай лабараторыяй “Левада”. Гэтае было ў лютым, згодна з усімі прынцыпамі і правіламі сацыялогіі. Няма падставаў яму не давяраць”, — гавораць у Кіеўскім міжнародным інстытуце сацыялогіі.

Установа працуе з 1990 года, гэта прыватная кампанія, мае цесныя сувязі з Нацыянальным універсітэтам “Кіева-Магілянская акадэмія”. Апошняе даследаванне аб стаўленні ўкраінцаў да Расіі праводзілася з 8 па 18 лютага. То бок ужо пасля пачатку рэвалюцыі, амаль перад яе завяршэннем. Згодна з дадзенымі сацыёлагаў, у канцы лютага больш за ўсё далучыцца да Расіі хацелі жыхары Крыма — там такіх назбіралася 41% (цікава, што этнічных рускіх у Крыме жыве амаль 60%). У іншых рэгіёнах Украіны жадаючых атрымаць расійскі пашпарт знайшлося значна менш: Данецкая вобласць — 33%, Луганская і Адэская — па 24%. Цікава, што год таму толькі 35% жыхароў Крыма хацелі ў Расію. На Данеччыне такіх было 30%, у Луганскай вобласці — 29%, у Адэсскай — 24%.

Менш за ўсё прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй у заходніх рэгіёнах Украіны. У Львоўскай вобласці, напрыклад, сацыёлагі іх увогуле не знайшлі (год таму такіх было 0,3%). У сталіцы краіны жыве 5,3% прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй. Цікава, што ў 2013 годзе іх было менш — толькі 3,7%.

У Беларусі таксама праводзіліся сацыялагічныя апытанні на тэму жадання і нежадання далучыцца да Расіі. У 2009 годзе іх ладзіла лабараторыя “Новак”. Тады толькі 14% грамадзян Беларусі хацелі зліцця з Масквой. Ва Украіне такі адсотак “інтэгратараў” жыве зараз на Днепрапятроўшчыне. 74% беларусаў у 2009 годзе лічылі, што нашай краіне не трэба ўваходзіць ні ў якія саюзы з іншымі дзяржавамі. Пры гэтым траціна грамадзян Беларусі прыхільна ставіцца да ідэі ўваходжання ў Еўрасаюз.

Дадзеныя сацапытання аб жаданні жыхароў асобных абласцей Украіны далучыцца да Расійскай Федэрацыі:

АР Крым 41% апытаных;

Данецкая вобласць 33,2%;

Луганская 24,1%;

Адэская 24%;

Запарожская вобласць 16,7%;

Харкаўская 15,1%;

Чарнігаўская 14,8%;

Днепрапятроўская 13,8%;

Кіраваградская 8,3%;

Кіеўская 6,4%;

Чарнавіцкая 5,4%;

Кіеў 5,3%;

Жытомірская 5,2%;

Палтаўская 4,3%;

Херсонская 4,2%;

Нікалаеўская 3,7%;

Вінніцкая 2,7%;

Закарпацкая 2%;

Сумская 1,8%;

Чаркаская 1,7%;

Хмяльніцкая 0%;

Тэрнопальская 0%;

Роўненская 0%;

Львоўская 0%;

Валынская 0%;

Івана-Франкоўская 0%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі