Каб падвоіць сабе пенсію, трэба 20 гадоў аддаваць з заробку па 66 долараў

“Сёння жанчына, калі выходзіць на пенсію, атрымоўвае яе 24 гады, мужчына — 14 гадоў. Таму пяцігадовы стаж, які неабходны для выхаду на пенсію, маленькі. Сёння пра гэта гавораць і ў Расіі. Яны збіраюцца павялічыць стаж да 15 гадоў. Мы пакуль спыніліся на дзесяці”, —  перадае падлікі намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Валерыя Кавалькова тэлеканал "Беларусь 1".

Але сярэдняя чаканая працягласць жыцця ў краіне — 66 гады для мужчын і 76 — для жанчын, падлічвае Белстат. Значыць, мужчына атрымлівае пенсію 6 гадоў, а не 14. Не сходзіцца з лічбамі намесніка міністра працы!

“Намеснік міністра казаў пра грамадзянскіх пенсіянераў. Але ж у кожнага свой узрост выхаду на пенсію”, — тлумачаць Еўрарадыё чыноўнікі з міністэрства такую разбежку.

І дадаюць, што ў лік пенсіянераў, пра якія кажа міністр, не ўваходзяць ні міліцыянты, ні вайскоўцы, якія выходзяць на заслужаны адпачынак раней. Удвайне дзіўна!

Тым часам пенсію пачалі прапаноўваюць банкі. Калі 20 гадоў (пачынаючы з 40 для мужчыны і 45 — жанчыны) кожны месяц аддаваць банку па 66 долараў+першапачатковы ўнёсак у 200 долараў пад 7% гадавых, да пенсіі набяжыць больш за 17 тысяч долараў.

“Трэба кожныя тры месяцы папаўняць рахунак на суму, не меншую за першапачатковы ўнёсак. Напрыклад, вы ўнеслі адразу 200 долараў. Калі ў 40 гадоў заключыце дамову, то за 20 гадоў набяжыць больш за 17 тысяч долараў”, — падлічваюць Еўрарадыё ў камерцыйным банку.

Гэтых грошай, напрыклад, хопіць на 6 гадоў, каб амаль падвоіць сярэднебеларускую пенсію (атрымоўваць 238 долараў на месяц у дадатак да той, што дае дзяржава).

Сярэдняя пенсія, згодна з падлікамі Мінпрацы, у жніўні — каля 245 долараў. За 14 гадоў набягае 41 тысяча долараў. Але калі чалавек выйдзе на пенсію ў 60, а пражыве чаканую працягласць жыцця — да 66 гадоў, то атрымае на пенсіі больш за 17 тысяч долараў. Амаль столькі ж, колькі ў банку.

Былы міністр працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Сасноў сваю пенсію банку не давярае. Баіцца эканамічных катаклізмаў.

“Трэба давяраць таму, каму ты даеш грошы для збірання. Нашай дзяржаве я б давяраць не змог, бо яна ўжо колькі разоў нас ашуквала. Дзяржава хоча вырашыць два пытанні: здабыць грошы для інвестыцый, а другое — паменшыць выплаты пенсіянерам”, — тлумачыць Аляксандр Сасноў.

Паводле падлікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, зараз у краіне 520 пенсіянераў на тысячу работнікаў.

Фота: sup-idea.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі