Лукашэнка склікае Савет Рэспублікі, каб узгадніць тэрміны запуску АЭС
Верхняя палата парламента павінна зацвердзіць змены ў тэрмінах уводу першага энергаблока Астравецкай станцыі.
2 сакавіка адбудзецца паседжанне восьмай пазачарговай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Адпаведны ўказ аб скліканні сенатараў падпісаў 27 лютага Аляксандр Лукашэнка.
Падставай для збору сесіі стала ўзгадненне зменаў у пагадненне ад супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Расіяй у справе будаўніцтва Астравецкай АЭС. Пратакол да пагаднення быў ратыфікаваны 25 лютага Палатай прадстаўнікоў на заключным паседжанні шостай пазачарговай сесіі, якая склікалася для разгляду праграмы дзейнасці ўраду на 2015 год. Пратакол прыводзіць у адпаведнасць з заканадаўствам тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю энергаблокаў АЭС.
Раней меркавалася, што першы энергаблок станцыі пачне працаваць у 2017 годзе, а другі — у 2018 годзе. Цяпер тэрміны ссоўваюцца — гэта 2018 і 2020 годы адпаведна. Такія тэрміны прапісаныя ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі ад 2 лістапада 2013 года, інфармуе БелаПАН.
Ілюстратыўнае фота з сайта belarus.by