Лукашэнка спрабаваў згуляць у сваю гульню: эксперт – пра сітуацыю ў Казахстане
Сітуацыя ў Казахстане ўжо нармалізавалася, але дагэтуль выклікае шмат пытанняў: што гэта было? Ці магчымая змова спецслужбаў? Вось як лічыць кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрей Паротнікаў:
— Дакладна змовы спецслужбаў няма ніякай. Я ўжо неаднаразова казаў, што лічу, што Беларусь знаходзіцца ў стане транзіту ўлады, прычым бліжэй да ягонага канца, чым да ягонага пачатку. І таму недзе з лета мы кантактавалі з казахстанскімі калегамі, каб проста зразумець, як у іх гэта адбывалася і якія вынікі. І ўжо тады было зразумела, са словаў казахстанскіх калег, што сутыкненні паміж такаеўскай групай і “старой гвардыяй” Назарбаева непазбежныя, таму што ёсць розніца ў падыходах да будучыні Казахстана.
Паротнікаў тлумачыць: Такаеў выступае за пэўную мадэрнізацыю, а “старая гвардыя” — за захаванне існуючай мадэлі, таму што “сядзіць на фінансавых патоках”.
— Фактычна з лета пачалося фармаванне альтэрнатыўнай Такаеву палітычнай каманды, якая павінна была ісці на датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, якія мусіла ініцыяваць ніжняя палата парламента, — удакладняе эксперт. — Ключавой была пазіцыя заходнеказахстанскіх элітаў ці кланаў. Таму што пры прыблізнай роўнасці сілаў ён мог перацягнуць на той ці іншы бок. І таму, калі там пачаліся пратэсты, можна было прагназаваць, што гэта стане эпізодам у больш сур’ёзнай барацьбе паміж кланамі, што і адбылося.
Па словах суразмоўцы, відавочна, што Такаеў перамог, “але перамог так, што не знішчыў у цэлым назарбаеўскія групы”. “Пакуль не да канца зразумела, што там адбываецца, варта проста назіраць за тымі раскладамі, якія будуць”, — дадаў ён.
Ці былі неякія поспехі АДКБ?
Ужо 13 студзеня пачнецца вывад сіл АДКБ з Казахстана. Ці дасягнулі яны нечага?
— Яны там нічога не дамагліся, і яны там нічога не маглі дамагчыся, бо іх занадта мала і, па-другое, не вельмі зразумелы мандат гэтых сілаў, — кажа Паротнікаў.
Такаеў звярнуўся да АДКБ, на думку Паротнікава, таму што ў часе любой барацьбы за ўладу ў краінах СНД “вельмі важным чыннікам ёсць чыннік Масква”.
— Такаеву трэба было нейтралізаваць гіпатэтычную магчымасць Масквы ўмяшацца ва ўнутрыказахстанскія міжэлітныя разборкі, — кажа эксперт і дадае, што Казахстан мог ці сказаць “не лезьце”, ці “прыхіліцца да Крамля”, і апошні варыянт больш просты.
У Масквы, кажа ён, не было іншага варыянта, акрамя як падтрымаць Такаева і накіраваць сілы.
— А зараз, падтрымаўшы яго, у іх не будзе іншага варыянта, акрамя як падтрымліваць яго далей. Паўтараецца гісторыя Беларусі 1996 года, з тых часоў Масква не можа дапусціць падзення сваёй, як яны лічаць, крэатуры.
Якая была роля Беларусі ў сітуацыі?
— Безумоўна, Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў згуляць з гэтай сітуацыяй у сваю гульню. Ён зыходзіў з таго, што падзеі ў Казахстане — вельмі сурʼёзна і вынік умяшальніцтва Захаду, — лічыць Паротнікаў. — А гэта значыць, што ёсць пагроза абвастрэння сітуацыі, і ён падштурхоўваў АДКБ, то-бок Расію, да гэтага.
Па словах Паротнікава, калі б АДКБ увязла ў Казахстане, гэта б абазначала, што там увязла Расія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.