"Ляпис Трубецкой" запрашае пскоўскі абком КПРФ уступіць у рады Lyapis Crew
Такім чынам беларускі гурт адрэагаваў на адмену свайго канцэрта ў Пскове і заявіў, што не збіраецца адмаўляцца ад выступаў у Расіі.
Канцэрт "Ляпісаў" у Пскове, запланаваны на 14 сакавіка, адменены. Некалькі дзён таму за яго адмену змагалася пскоўскае аддзяленне КПРФ, абвінавачваючы лідара гурта Сяргея Міхалка ў "спачуванні фашыстам". Увечары 11 сакавіка стала вядома, што пляцоўка, дзе мусіў адбыцца выступ беларусаў, адмовілася ад канцэрта, не тлумачачы прычын.
На старонках "Ляпіса Трубяцкога" у сацыяльных сетках з'явілася афіцыйная заява гурта:
"Анарха-сіндыкат Lyapis Crew гатовы прыняць у свае шэрагі пскоўскі абкам КПРФ у поўным складзе, скажам, у рэкламна-ідэалагічны аддзел. Паколькі пасля ўсіх гэтых пскоўскіх заяў, байкотаў і забарон праслухоўванне альбома" Матрёшка" і прагляд відэа з гэтага альбома ўзраслі ў разы ! Дзякуй, атцы, за салідарнасць і брацкую дапамогу! Будзем вінныя..."
Альбом "Матрёшка" выйшаў 1 сакавіка. За першыя 10 дзён на сервісе "Яндэкс. Музыка" яго праслухалі амаль 850 тысяч разоў.
"Тур "Матрёшка" "Ляпісы" лічаць самым паспяховым у сваёй гісторыі. Практычна ўсе канцэрты праходзяць з аншлагам, прычым, на найбуйнейшых пляцоўках. Добраахвотна адмяняць канцэрты мы не збіраемся. Мы робім тое, што задумалі, і працягваем тур па запланаванай праграме", — заявіў прэс-аташэ гурта ў Расіі Аляксандр Бергер.
Фота: www.novayagazeta.ru