Пад Іўем загарэлася машына з кантрабанднымі цыгарэтамі (фота)
На момант здарэння аўтамабіль ужо затрымалі беларускія памежнікі.
Двум кантрабандыстам, якія спрабавалі перакінуць партыю цыгарэт з Беларусі ў Літву, татальна не пашэнціла: спачатку іх злавілі памежнікі, а потым яшчэ і загарэўся аўтамабіль, у якім ехаў нелегальны груз.
У ноч на 23 ліпеня памежнікі з лідскага атрада затрымалі дваіх жыхароў Смаргоні, якія ехалі ў бок літоўскай мяжы на аўтамабілі “Ніва” без нумароў. Кантрабандысты якраз перакідвалі праз мяжу партыю цыгарэт. У момант затрымання ў салоне аўто было шэсць скрыняў з нелегальным таварам, то бок, каля 3000 пачак.
Інфармацыю пра парушальнікаў перадалі літоўскім калегам з віленскага памежнага атраду і тыя пазней знайшлі на сваёй тэрыторыі яшчэ 5 скрыняў з цыгарэтамі.
Аднак на гэтым прыгоды кантрабандыстаў не скончыліся: калі затрыманую “Ніву” гналі на памежны пост, аўто раптам загарэлася. Давялося выклікаць на дапамогу супрацоўнікаў МНС. Пацярпелых у выніку інцыдэнту не было. Мяркуецца, што ўзгаранне адбылося ад замыкання электраправодкі.
Цяпер кантрабандыстаў чакае яшчэ і выплата штрафаў у памеры 50 базавых велічынь, перадае прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта.
Фота: gpk.gov.by