Пра што не сказаў Лукашэнка ў пасланні

"Я разумею, што сённяшняя размова ў Авальнай зале будзе ўсяляк аналізавацца, шмат будзе меркаванняў, гутарак — на кухнях, у працоўных калектывах, у сродках масавай інфармацыі... Апярэджваючы ўсё гэта, хацеў бы папрасіць усіх вас, каб, ацэньваючы пасланне, вы мелі на ўвазе, што ў нас вельмі насычаны гэты год, і пасланне будзе крыху своеасаблівым, актуальным і, вядома ж, ўлічыць усе мерапрыемствы, якія пройдуць на працягу гэтага года", — сказаў кіраўнік дзяржавы. І потым гаварыў пра самыя розныя рэчы, але не пра ўсё найбольш важныя.

Пра выбары

Нягледзячы на абяцанне адзначыць у пасланні ўсе самыя важныя падзеі года, пра прэзідэнцкія выбары Лукашэнка не сказаў нічога. Адзінае — мінімальна выказаўся пра апазіцыю, нават крыху пахваліўшы яе. “Ніколі не адмаўляйцеся ад дыскусій нават з самымі крайнімі нашымі апазіцыянерамі, нават з "пятай калонай"… Не ўсе яны шкодныя і гадкія. Не ўсе яны хочуць шкоды нашай краіне", — кажа Лукашэнка. Але пра выбары — ні слова. Ці то тэма не вартая згадак, ці то замаўчаць яе чамусьці хочацца. Ва ўсякім выпадку, 70-годдзю перамогі Лукашэнка сёлета ў сваёй прамове надае большае значэнне, чым свайму пераабранню.

Пра спорт

Не гаворыць і пра спорт. Толькі крыху пра фізкультуру: "Неяк быў у Францыі і пайшоў у Булонскі лес... Як мурашкі бегаюць па гэтым лесе... А беларусы любяць паляжаць на канапе. Нават кіраўнік нашай Каталіцкай царквы з вялікім задавальненнем не толькі ў футбол гуляе, але і на ровары ездзіць. Хочаце быць здаровымі — круціце педалі. У нас масавая фізкультура на нізкім узроўні знаходзіцца".

А вось пра высокі спорт Лукашэнка чамусьці не гаворыць. Хаця там і пахваліць ёсць каго, і пакрытыкаваць. А стадыён “Дынама”, якому звычайна кіраўнік краіны надае ўвагу, па-ранейшаму ў друзе.

Пра жыллё

Таксама не гаварыў. Пра “ўласную кватэру” кіраўнік краіны ў сваім пасланні згадвае толькі ў кантэксце геапалітычным, маючы на ўвазе жаданне захаваць незалежнасць Беларусі. А вось пра сапраўдныя кватэры не гаворыць. Хаця ў мінулым перадвыбарчым звароце да урада і парламента гаварыў шмат і пра льготнае будаўніцтва, і пра іпатэку. А сёлета зусім нічога. Ці то сказаць няма чаго, ці то ўсё нармальна ў беларусаў з жыллём. Правільны адказ выбірайце самі.

Пра міліцыю

Зусім ні слова. Пра армію, гаварыў, а пра міліцыю і злачыннасць — не. "Маем планы, у выпадку абвастрэння сітуацыі, падняць і ўзброіць паўмільёна беларусаў”, — хваліцца кіраўнік краіны гатоўнасцю беларусаў ваяваць за незалежнасць. А вось пра барацьбу са злачыннасцю і раскрывальнасць правапарушэнняў маўчыць. Што, у прынцыпе, добра для кіраўнікоў міліцыі і Следчага камітэта. Толькі ў тое, што там няма пра што сказаць, неяк не верыцца.

Фота belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі