Пяць чалавек пацярпелі ад падлетка ў Мінску — "Хіба не чуеце? Страляюць"
Падлетак пракраўся на кухню дзіцячага садка і скраў вечка ад рондаля, ілюстрацыйнае фота
Да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысудзіў суд 16-ці гадовага жыхара Мінскага раёна. Хлопца судзілі за асабліва злоснае хуліганства. У выніку яго прыгодаў у Мінску пацярпелі пяць чалавек.
Гісторыя адбылася ў мінулым жніўні. Хлопец прыехаў у Мінск на сустрэчу з сябрамі. Пагутарылі, выпілі — упяцёх адужалі дзве бутэлькі гарэлкі і два літры піва. Пілі ў скверы на Лагойскім тракце. Сябры разышліся, а хлопец з'ехаць дадому не змог — ужо не хадзіў грамадскі транспарт. Ён прыняў яшчэ таблетку мефедрону. Тое, што адбывалася далей, кажа, не памятае. Ход падзей аднавілі следчыя СК, расказвае агенцтва "Мінск-Навіны".
Паводле звестка следства, падлетак пад мефедронам залез у дзіцячы садок, пракраўся ў харчблок і ўзяў вечка ад вялікага рондаля. На выхадзе сутыкнуўся з ахоўнікам. Мужчына пацікавіўся ў хлопца, што ён тут робіць. Той адказаў: "Хіба не чуеце? На даху страляюць!" — і пайшоў да выхаду. Ахоўнік заўважыў, што малады чалавек ў неўсвядомленым стане, і не спыніў яго. Калі прыехала міліцыя, падлетак ужо ўцёк. Вечка ён забраў з сабой.
У адным з двароў на вуліцы Крамскога ён убачыў жанчыну, якая выйшла праверыць аўтамабіль (у ім спрацавала сігналізацыя). Яна заўважыла хлопца, спалохалася, пабегла ў пад'езд. Падлетак дагнаў яе, паваліў на падлогу і пачаў біць па галаве вечкам. Жанчына клікала на дапамогу, але ніхто з суседзяў так і не выйшаў. Раптам падлетак спытаў: "Дзе ствол?" Жанчына наўгад сказала, што на другім паверсе. Хлопец ірвануў наверх, а пацярпелая — дадому, яе кватэра была на першым паверсе. Яна тут жа патэлефанавала ў міліцыю.
Падлетак тым часам калаціў рукамі і нагамі ва ўваходныя дзверы кватэраў. Адну з іх пашкодзіў. Затым перайшоў у пад'езд іншага дома, дзе зрабіў тое ж самае. Адна з мясцовых жыхарак таксама тэлефанавала ў міліцыю. У выніку хлопца затрымалі.
Яго маці, калі даведалася пра гэта, папрасіла пакінуць сына пад вартай, кажа, не спраўляецца. Высветлілася, што хлопец — яе прыёмны сын. Яго ўсынавілі ў трохгадовым узросце. Калі хлопчыку споўнілася 12 гадоў, ён стаў некіраваны, не хацеў вучыцца, канфліктаваў. Тры гады таму за ўчыненне шматлікіх адміністрацыйных правапарушэнняў яго нават накіроўвалі ў закрытую выхаваўчую ўстанову. Там ён правёў два гады. Пасля вызвалення, паводле маці, сын ненадоўга змяніўся — пачаў дапамагаць па гаспадарцы, палепшыліся адносіны. Але затым ён зноў звязаўся з дрэннай кампаніяй і зноў пачаліся праблемы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.