Аспірантка з Гомеля шукае новую фізіку на Адронным калайдары

Сярод новых навукоўцаў, якія абараніліся ў Беларусі, Еўрарадыё заўважае кандыдацкую працу пра Адронны калайдар. Дысертацыю напісала аспірантка з... Гомеля.

У грандыёзнасці калайдара Іна расчаравалася, знешне ўсё аказалася больш празаічным, чым апісвалі: плот, будынкі, сам калайдар схаваны пад зямлёй.

"Я чакала большага ад таго месца. Было ўсё так прыгожа разрэкламавана. Але калі прыязджаеш менавіта ў ЦЭРН — ён знаходзіцца недалёка ад Жэневы, на мяжы з Францыяй, нават памежны пост відаць — там стаіць шмат будынкаў, плот металічны, будынкі, дзе стаяць дэтэктары, кантрол-рум, дзе фізікі працуюць у рэжыме анлайн. Калі некага спытаць пра калайдар, яны паглядзяць і скажуць: вы што, зусім? Бо ён знаходзіцца пад зямлёй і яго ен відаць".

Студэнткай Іна атрымала грант і патрапіла ў італьянскі ўніверсітэт у горадзе Трыеста на практыку. Пасля беларуску запрасілі папрацаваць ў італьянскую групу, якая ўваходзіць у калабарацыю "Атлас".

"Калі яшчэ была студэнткай, пачала займацца Монтэ-Карла мадэляваннем. Не ведаю, як гэта патлумачыць нармальнай мовай. На той час яшчэ не было эксперыментальных дадзеных, але трэба было падрыхтаваць праграму, якая ўвойдзе ў эксперымент, з яе дапамогай можна будзе шукаць новыя часціцы. Монтэ-Карла дазваляе стварыць гэтыя дадзеныя. З 2005 пачала гэтым займацца, а ў 2010 пачалася апрацоўка рэальных дадзеных з калайдара".

Іна — трэцяя справа, фота з сайта gstu.by

Цяжка патлумачыць простымі словамі і тое, што шукаюць навукоўцы на калайдары. Але Іна абяцае, што чорная дзірка, якая паглыне ўсё на Зямлі, адтуль не з'явіцца.

"Ёсць такая задача, якую там вывучаюць. Гэта мікраскапічныя чорныя дзіркі, якія могуць нарадзіцца, і калайдар дапаможа патлумачыць развіццё Сусвету. Але мне больш падабаюцца лакальныя задачы, калі дакладна ведаеш, што і дзе трэба шукаць".

Калайдар Іна параўноўвае з інтэрнэтам і ўраўненнем Максвела: шмат гадоў ніхто не разумеў, як яго прымяняць, а цяпер дзякуючы гэтаму ўраўненню мы ўсе карыстаемся мабільнымі. Тое ж будзе і з калайдарам.

З ЦЭРНа Іна вярнулася ў лютым, каб абараніць дысертацыю — "Ідэнтыфікацыя прамых і ўскосных эфектаў дадатковых прасторавых вымярэнняў на Вялікім адронным калайдары". Кажа, што кандыдацкая выклікала інтарэс у беларускіх прафесараў.

Магчыма, і нам бы яна спадабалася, але амаль нічога не зразумела.

"Я займалася апрацоўкай дадзеных у суперсіметрычных мадэлях. Таксама рабіла розныя шыфты, працавала з дадзенымі ў рэжыме анлайн, ацэньвала якасць дадзеных. Туды прыязджаюць фізікі, якія робяць частку працы ў кантрол-рум, як я ў "Атлас" кантрол-рум, напрыклад. А таксама кожны апрацоўвае непасрэдна свае мадэлі. Нехта Хігсам займаецца, нехта суперсіметрыяй, экзотыкай".

Пацвердзіць высновы Іны можна будзе праз некалькі гадоў.

"Галоўная задача маёй працы — знайсці новую фізіку. Тое, што я вывучала, гэта адна з задачаў, якая пастаўлена — знайсці новыя рэзанансы. Пакуль гэтых дадзеных не дастаткова, каб сказаць, існуе рэзананс ці не. Былі зробленыя прадказанні на будучыню. Праз некалькі гадоў можна будзе праверыць. Як Хігс, новая часціца знойдзеная, але якая гэта часціца, ніхто не ведае. Пакуль не дастаткова дадзеных, каб сказаць: гэта Хігс стандартнай мадэлі ці за межамі стандартнай мадэлі".

Пасля абароны дысертацыі Іна засталася ў Гомелі, але не надоўга. Як даведалася Еўрарадыё, ёй ужо прапанавалі працу італьянцы. Хутчэй за ўсё зноў на калайдары.

Фота: public.web.cern.ch

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі