Бар з лёду, шацёр у лесе, катэдж з футбольным полем на 3-м паверсе
Як правесці навагодні карпаратыў, каб запомнілася не толькі ежа і алкаголь? Еўрарадыё ў пошуках розных варыянтаў, пазбірала самыя цікавыя.
З 20 снежня пачынае працаваць лядовы рэстаран ад "Экспедыцыі".
"Лядовая барная стойка на ўваходзе, цалкам з лёду. Таксама на ўваходзе будзе сустракаць вялікі белы мядзведзь, вельмі здораўская роставая лялька. Будуць аніматары — паўночныя алені, снягуркі будуць танцаваць, жывая музыка — будзе выступаць кавер-бэнд, фаершоў і ілюзіяністы".
У рэстаране кажуць, што гэта нічога не каштуе. Але ежы і алкаголю трэба замовіць на 100 баксаў з чалавека. Алкаголь дазваляюць прынесці з сабой, але "без фанатызму".
Едзем далей, а дакладней — у Віцебскую вобласць на Браславы ў сядзібу "Чырвонагорка". Нам прапануюць дом на 16 пакояў з двухспальнымі ложкамі.
"Ёсць самалёт — можна палятаць, у доме аэрахакей, більярд, тэніс, цір, міні-футбол на 3 паверсе. Банкетная зала на 40 чалавек, два коміны, мангал, цёплая падлога. У кожным нумары асобны душ і туалет", — сціпла распавядае гаспадар аграсядзібы.
Усё гэта каштуе 100 долараў у суткі за нумар. Ёсць таксама кавярня са сваім поварам, трохразовае харчаванне там каштуе 20 долараў. Кошты пад Новы год такія ж, як летам, запэўнівае гаспадар. Але банкет будзе даражэйшы.
Святочнае агенцтва "Тэрыторыя Гульні" прапануе нам звычайны карпаратыў ці тэматычную вечарыну, напрыклад, "Чыкага", "Вечары на хутары ля Дзіканькі". Але нас не гэта цікавіць.
"Можна больш экстрэмальны варыянт, напрыклад, шацёр у лесе. Сам шацёр чалавек на 30 каштуе каля тысячы долараў", — падлічваем расходы разам з прадстаўніцай агенцтва. Не забываем, што шацёр будзе стаць пасярод лесу зімой, таму спатрэбіцца 3-4 абагравальніка па 60 долараў кожны, аўтобус прывязе і забярэ за 300 долараў, плюс банкет, плюс працэнтаў 10 возьме агенцтва за працу.
Банкет у мінскім рэстаране каштуе ад 50 да 100 долараў на чалавека. Але, калі кампанія не вялікая, дазваляюць проста прыйсці і зрабіць замову па асноўным меню. Калі кампанія чалавек 40-50, і вы хочаце зняць цэлую залу ў рэстаране Bella Rosa, рыхтуйце 4 тысячы долараў. На гэтыя грошы замаўляеце ежы, напоі можна свае, а можна замовіць і ў рэстаране.
А што наконт больш экстрэмальнага адпачынку? Напрыклад, пагуляць у "Схватку" ўсім офісам?
"Мы вывезлі супрацоўнікаў у лес, далі ім карты, і яны павінны былі па лесе дабрацца да месца святкавання. Па шляху яны трапляюць у прыгоды, у палон да Напалеонаўскіх войскаў, а потым банкет за святочным сталом", — распавядае пра "Напалеон-паці" дырэктар агенцтва fishka.by Слава Нагорны.
Сярод тэматычных вечарын найбольш папулярныя: "Радыё і ТБ", "Еўрабачанне", "Назад у СССР", "Гангстарскі Новы год", "У гасцях у Санты", "Дыска 80-х", выязное казіно.
"Альпійскі Новы год — дрэс-код — сарочкі ў клетку, як мінімум. Робіцца зона актывацыі, дзе можна пачаставацца альпійскім півам, каўбаскамі, пернікамі. Можна зладзіць гарадскую "Схватку" з кульмінацыяй каля галоўнай ёлкі, а можна пагуляць у казіно. Там унутраная валюта. Яны зарабляюць фішкі і могуць за іх набыць прома-прадукцыю кампаніі і сувеніры", — кажа Слава Нагорны.
Што тычыцца коштаў, то тут залежыць ад размаху. Напрыклад, вечарына "Дыска 80-х" каштуе 2-3 тысячы, у сярэднім, свята абыходзіцца ў 70-100 долараў на чалавека.
Фота: krasnogorka.by, fishka.by