Чаму студэнты-каліноўцы не вяртаюцца ў Беларусь?

120402 Eurafokus.mp3

За шэсць гадоў існавання стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага польскія ВНУ скончылі 57 студэнтаў-каліноўцаў. Пра гэта паведаміў дырэктар праграмы Ян Маліцкі на сустрэчы яе выпускнікоў, што днямі адбылася ў Варшаве. Цікава, што з 244 першых студэнтаў скончылі універсітэты толькі 43.

Еўрарадыё высветліла, як склаўся лёс некаторых былых каліноўцаў, дзе яны збіраюцца працаваць ці працягваць вучобу.

“Я вучылася па спецыяльнасці “Турызм і адпачынак”, вельмі хацела б працаваць у гэтай галіне. Мая галоўная мара — мець уласную гасцініцу на беразе мора ці возера”, — прызнаецца Надзея Бялеста з Пружанаў.

Летась дзяўчына скончыла Акадэмію фізвыхавання імя Юзэфа Пілсудскага ў Варшаве. Пасля вучобы вярнулася ў Беларусь, аднак працу так і не знайшла.

Надзея Бялеста: “Па-першае, усюды патрабуюцца працаўнікі са стажам, а па-другое, дзяржаўныя ўстановы польскую адукацыю не прызнаюць”.

Цяпер Надзея спрабуе знайсці працу ў Варшаве. Успамінаючы пра сваіх сяброў з праграмы імя Каліноўскага, дзяўчына кажа, што абсалютная большасць з іх пасля заканчэння вучобы засталася ў Польшчы.

Надзея Бялеста: “Людзі спрабуюць тут застацца. Дзве мае сяброўкі з праграмы Каліноўскага пасля заканчэння універсітэтаў знайшлі ў Варшаве працу па спецыяльнасці”.

А вось выпускніку Гданьскага універсітэта, стыпендыяту з першага набору праграмы, Аляксею Коўтуну, працы не ўдалося знайсці ні ў Польшчы, ні ў Беларусі. Паводле слоў былога каліноўца, у родным Брэсце яго не пажадалі прыняць нават на стажыроўку.

Аляксей Коўтун: “На жаль, пасля таго, як я падаваў заяўку на праходжанне практыкі, мяне правяралі і адразу ж адмаўлялі. Потым у мяне з’явілася магчымасць працягнуць вучобу ў якасці дактаранта ў тым жа Гданьскім універсітэце”.

Сярод выпускнікоў-каліноўцаў Аляксей не ведае нікога, хто б вярнуўся на радзіму.

Аляксей Коўтун: “Я ведаю толькі, як склаўся лёс яшчэ аднаго выпускніка. Ён, як і я, не ўладкаваўся ў Беларусі і таксама працягвае вучыцца ў Польшчы ў якасці дактаранта”.

А вось ураджэнка Шаркаўшчыны Людміла Асіпенка ў Польшчы не засталася. Праўда, і ў Беларусь дзяўчына таксама не вярнулася. Працягваць навучанне яна вырашыла ў Германіі.

Людміла Асіпенка: “Я вырашыла паглыбіць веды ў галіне менеджменту ў сферы культуры і СМІ, таму працягваю вучобу ў Берлінскім вольным універсітэце. Адразу пасля вучобы ў Польшчы я працавала ў Германіі, у аддзеле культуры горада Бон. Дарэчы, праца была звязана з беларускай культурай: я арганізоўвала разнастайныя культурныя мерапрыемствы”.

Людміла адзначае, што марыць вярнуцца ў такую Беларусь, якую яна, як і многія іншыя каліноўцы, носіць у душы, але не ў такую, якой нашая краіна з’яўляецца сёння. Не апошняе месца ў рашэнні дзяўчыны мае і матэрыяльны бок.

Людміла Асіпенка: “Не думаю, што ў сённяшняй Беларусі чалавек можа поўнасцю рэалізавацца ў той справе, якая яму падабаецца, пры гэтым атрымліваць годны заробак. Тое, што студэнт праграмы імя Каліноўскага зараз можа зрабіць для Беларусі, — інвеставаць час у свае веды, каб стаць сапраўдным прафесіяналам”.

Чакаецца, што сёлета чарговыя 58 студэнтаў-каліноўцаў скончаць польскія навучальныя ўстановы. Усяго па праграме імя Кастуся Каліноўскага ў Польшчы на сёння навучаецца каля 250 студэнтаў з Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі