Фотафакт: Як беларускі МЗС працуе над спрашчэннем візавага рэжыму
Палітолаг Зміцер Балкунец пацікавіўся ў беларускіх дыпламатаў, калі чакаць спрашчэння візавага рэжыму з Еўропай і ЗША. І атрымаў адказ.
Балкунец: "Мяне проста цікавіла пытанне, чаму існуе такі дысбаланс паміж візавым пытаннем для грамадзян Расіі і беларускіх грамадзян. Ёсць вельмі вялікі разрыў. Беларусы могуць наведваць без віз трохі болей за 50 краінаў, а расіяне ўжо больш за 100".
І гэты дысбаланс, на думку палітолага Вышэйшай школы эканомікі Змітра Балкунца, павялічваецца, бо Расія актыўна працуе ў накірунку спрашчэння візавага рэжыму. Напрыклад, расіяне плацяць за шэнгенскія візы ўдвая менш, чым грамадзяне Беларусі.
Паводле слоў Балкунца, нядаўна ён атрымоўваў візу ў ЗША, і зрабілі яму толькі аднаразовую візу. І гэта ў той час, калі расіянам робяць ужо трохгадовыя візы! Беларускі пашпарт становіцца неканкурэнтным, кажа палітолаг. Таму Балкунец прасіў МЗС адказаць, "хто вінаваты ў правале перамоваў, калі яны вядуцца".
Зміцер гаворыць, што хацеў даведацца, калі чакаць нейкіх вынікаў перамоваў. Але атрымаў звычайны дыпламатычны адказ.