Грып ёсць — эпідэміі няма

Грып ёсць, але эпідэміі няма, супакойваюць прадстаўнікі Мінздароўя Беларусі. Яны не адмаўляюць, што ў канцы студзеня пачаўся сезонны ўздым захворванняў, прычым, гаворка ідзе не пра грып, а пра вострыя рэспіраторныя вірусныя захворванні.

"На сёння мы адзначаем стабілізацыю. Па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях захворванне зніжаецца. З наступнага тыдня уздым пачне ісці да абсалютнай нормы. Ніякіх асабілвасцяў сёлета не зафіксавана", — кажа намеснік міністра аховы здароўя Ігар Гаеўскі.

Галоўны тэрапеўт Мінздароўя Вадзім Сушынскі кажа, што большасць людзей хварэе на лёгкую форму грыпу. Па звестках Мінздароўя, зачынена на каранцін толькі 7 школ.

"Казаць, што захворванне працякае незвычайна, я б не стаў. Калі казаць пра штамы, якія цяпер цыркулююць, то яны вядомыя. Адзін добра вядомы нам з 2009 года. Многія людзі ўжо сутыкнуліся з ім, адпаведна ў іх выпрацаваўся імунітэт".

Як і ў 2009 годзе, сёлета ёсць выпадкі цяжкіх захворванняў. У асноўным, гэта людзі, якія маюць іншыя хранічныя захворванні, а таксама дзеці і пажылыя людзі, дадае Вадзім Сушынскі.

Медыкі пакуль не зафіксавалі ніводнай смерці па прычыне грыпу.

"У мінулыя гады былі пацверджанні, і вы пра іх ведаеце. Але сёлета пакуль няма ніводнага пацвярджэння", — запэўнівае Ігар Гаеўскі.

Хоць і нейкага незвычайна высокага ўздыму няма, медыкі кажуць, што перастрахаваліся — падоўжылі час працы паліклінік, зрабілі для ўрачоў працоўнай суботу, прызначылі дзяжурных у нядзелю. Каб разгрузіць тэрапеўтаў, на дапамогу ім накіравалі інтэрнаў.

Выканаўца абавязкаў дырэктара па навуковай працы "Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі" Аляксандр Пяткевіч дае парады прафілактыкі: не есці на вуліцы, на кранаць твар рукамі, мыць рукі, пазбягаць месцаў, дзе шмат людзей, праветрываць памяшканні, а таксама свежае паветра, вітаміны і здаровае харчаванне. Але, на яго думку, лепшага сродку за вакцынацыю няма.

"У цэлым, да 7 працэнтаў прышчэпленых людзей могуць хварэць. Вакцына не забяспечвае стопрацэнтнай абароны. Таму што арганізм людзей па-рознаму рэагуе на захворванне".

Калі ж прафілактыка не ўратавала, то лекары раяць не займацца самалекаваннем, а ісці да ўрача, які прапіша лекі.

"Звычайна выпісваюць антыбіётыкі, калі ёсць ускладненні. А ўскладненні могуць ісці на горла, калі пачынаецца ангіна. Таксама выпісваюць імунамадулятары", — распавядаюць Еўрарадыё ў аптэцы ў цэнтры Мінска.

Сёлета беларусы могуць перахварэць на грып тройчы

Колькі ж каштуе лячэнне цяпер?

Большасць антыбіётыкаў прадаюць па рэцэпце. Без рэцэпта — Амоксіцылін і Аўгменцін. Курс на 7 дзён каштуе 120 тысяч.

Імунамадулятар "Гропрынасін" — 150 тысяч рублёў.

"Інгаліпт" каштуе 14 тысяч рублёў, сіропы ад кашлю 22 тысячы, а таблеткі "Септалетэ" 30 тысяч рублёў.

10 пачкаў "Колдрэкс" — 70 тысяч рублёў.

Аспірын С — 30 тысяч рублёў.

Вітаміны ад 40 да 70 тысяч рублёў.

Фота: berezino.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі