"КінаVarka" заклікае здымаць фільмы на беларускай мове
А таксама збіраецца паказаць кіно “на злобу дня”, лозунг якога — “Хто кім маніпулюе, ці Як мы трахаем адно аднаго па коле”.
Галоўная навіна 4 сезону фестывалю кароткаметражнага кіно "КінаVarka" — новая намінацыя “Лепшая кінастужка на беларускай мове”. Як распавёў рэжысёр і прадзюсар кампаніі "Карамболь", а таксама адзін з галоўных натхняльнікаў "КінаVarkі" Уладзімір Максімкаў, фільмы на беларускай мове дасылалі на конкурс і раней. Але ў перспектыве "КінаVarka" збіраецца падтрымліваць менавіта развіццё нацыянальнага кінематографа.
Уладзімір Максімкаў: “Мы лічым, гэта наш святы абавязак і святая місія такім чынам садзейнічаць развіццю нацыянальнага кіно. Гэта крайне адсутная ў Беларусі ніша. Можа быць, з дапамогай маладых вар’яцкіх кінематаграфістаў мы паспрабуем гэта аднаўляць”.
Уладзімір Максімкаў і Юлія Дубоўская, прадзюсар тэлекампаніі "Экстрым-ТВ"
Сябра журы — вядомы сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык — вельмі ўсцешаны намінацыяй “Лепшая кінастужка на беларускай мове”. Ён чакае ад "КінаVarkі" новых імёнаў і сапраўднага прарыву ў беларускім кінематографе:
“Я сапраўды веру, што зараз мы наблізіліся да нейкай крытычнай масы, пасля якой прарыў непазбежны, — лічыць Андрэй Курэйчык. — Я бачу маладых людзей, з палаючымі вачыма, якія хочуць здымаць кіно і іх не спыняе ўжо нішто, нават адсутнасць грошай. Гэта азначае, што хутка ўсё пачнецца. І будуць прадстаўленыя працы, якія адкрыюць новую старонку нацыянальнага беларускага кінематографа”.
Андрэй Курэйчык
Яшчэ адной інавацыяй гэтага года стане маленькае кіно “на злобу дня” ад "КінаVarkі", акцёрамі, сцэнарыстамі і стваральнікамі якога выступяць журналісты.
“Яно будзе пазаконкурсным, таму што здымаць яго будзем мы самі — тлумачыць Уладзімір Максімкаў. — І ў гэтым годзе на злобу дня ў свеце адбылася неверагодная колькасць узрушэнняў і падзеяў. Працоўная назва праекту пакуль атрымалася крыху вульгарнай — “Хто кім маніпулюе, ці Як мы трахаем адно аднаго па коле”. Гэта працоўная назва, але яна адлюстроўвае ўсё тое, што нас усхвалявала”.
У склад журы сёлетняй "КінаVarkі" мусіць увайсці актрыса Ганна Лягчылава. Яе папярэдняя згода падштурхнула каманду ідэолагаў фэсту да ідэі збіраць пад адным дахам творчых выхадцаў з Беларусі — калі не заўжды рэальна, то хаця б віртуальна, сцвярджае Максімкаў.
Да таго ж, усе сябры журы і кампанія “Карамболь” па-ранейшаму згодныя падтрымаць усе сапраўды яскравыя і вар’яцкія ідэі і дапамагчы канкурсантам са здымкамі. Ніякіх абмежаванняў у жанрава-тэматычным плане, узросце, поле, нацыянальнасці і г.д не існуе. Можна нават проста прыйсці і распавесці пра ідэю свайго фільма. Калі яна спадабаецца журы, кампанія "Карамболь" бясплатна прадставіць тэхнічныя магчымасці для рэалізацыі здымак.
Заяўкі на ідэі сцэнарыяў прымаюцца да 1-га ліпеня. Цягам ліпеня журы разгледзіць працы ўсіх канкурсантаў і запросіць на гутарку тых, хто ім найбольш спадабаецца. А таксама прыме рашэнне адносна таго, якія фільмы будуць здымацца пры дапамозе кампаніі "Карамболь". Што тычыцца гатовых фільмаў — работы прымаюцца да 1-га кастрычніка. Short list лепшых стужак будзе выкладзены на старонку kinovarka.tut.by для глядацкага галасавання. У пачатку снежня "КінаVarka" традыцыйна падвядзе вынікі конкурсу.
Поўная версія размовы з рэжысёрам Уладзімірам Максімкавым