Кожны месяц працы АЭС каштуе мільён долараў
Па словах чыноўнікаў, будаўніцтва Беларускай АЭС ідзе з істотным апярэджаннем, а па дакументах — з істотным адставаннем!
"Беларускую АЭС будуюць з апярэджаннем графікаў", — заяўляе першы намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка. Сенсацыйная заява гучыць на 5-й Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Атамэкспа-Беларусь-2013”.
“Заканчваецца падрыхтоўчы перыяд па блоку №1. Прычым працы ідуць з апярэджаннем тэрмінаў на 4 месяцы з захаваннем якасці, тэхналогій. Па другім блоку працы апярэджваюць тэрміны прыкладна на 8-9 месяцаў”, — кажа Сямашка.
Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк нават называе тэрміны: першы блок плануецца здаць у 2018 годзе, а другі — у 2020.
Але ў пагадненні паміж кіраўніцтвам Расіі і Беларусі аб будаўніцтве Беларускай АЭС ад 25 лістапада 2011 года Еўрарадыё заўважае зусім іншыя тэрміны! У дакуменце прапісана, што першы блок здадуць у 2017 годзе, а другі — у 2018! Атрымліваецца, мы яшчэ і адстаем. Па абодвух блоках!
У Дырэкцыі БелАЭС Еўрарадыё кажуць, што ранейшыя тэрміны… скасаваныя.
“Скажу тое, што напісана ў генеральным кантракце. Першы блок — канец лістапада 2018 года, другі — ліпень 2020 года. Пагадненне? Калі яно было рыхтавалася?! Намнога раней, чым генеральны кантракт. На тое ён і кантракт, што там прапісаны болей дакладныя тэрміны. Адно іншаму не пярэчыць”.
Паводле слоў намесніка міністра энергетыкі Міхадзюка, у Астраўцы пабудавалі чыгунку, станцыю, жыллё для рабочых — ніводзін будаўнік не жыве на вуліцы ці ў бараку, а таксама правялі непасрэдна падрыхтоўчыя працы для энергаблокаў.
На пытанне, навошта гэтак гнаць тэрміны будаўніцтва, калі ўсё можна будаваць спакойна і надзейна, кіраўнік прадстаўніцтва Ніжагародскай інжынірынгавай кампаніі "Атамэнергапраект" у Беларусі Юрый Пуставы кажа, што справа ў грошах.
“Кожны месяц працы станцыі прыносіць 1 мільён долараў. І гэта было б здорава, калі б мы апярэдзілі тэрміны. Але, на жаль, я вас упэўніваю, мы, хутчэй за ўсё, будзем будаваць у графік. І гэта звязана з выпускам абсталявання. Да прыкладу, каб выпусціць рэактар, патрэбна 36 месяцаў. Канечне, я спадзяюся, што нейкі час мы паспрабуем выгадаць”.
Але, нягледзячы на працы з апярэджаннем, кажа намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк, спадзявацца на змяншэнне коштаў праекту не трэба праз інфляцыю.
“Наўрад ці ўдасца зэканоміць. Будзем працаваць паводле праектна-каштарыснай дакументацыі. Канечне, калі будзем будаваць хутчэй, сродкі будуць зберагацца”.