Малако — азіятам, свініну — мусульманам, а шэйхам — штучную ікру

Наша краіна вырашыла засыпаць сухім малаком Інданэзію. Зарабіць на пастаўках малочнай прадукцыі ў гэтую краіну міністр сельскай гаспадаркі плануе 150 мільёнаў долараў. Пастаўляць сухое малако ў Інданэзію будзе Лепельскі малочны завод, гэтае прадпрыемства ўжо прадае сваю прадукцыю ў Венесуэлу. Праўда, з Інданэзіяй пакуль ніякіх дакументаў не падпісана.


Але ж аказваецца, што 98 працэнтаў інданэзійцаў, як і іншых жыхароў Паўднёва-Усходняй Азіі, не ўжываюць малочныя прадукты, бо маюць непераноснасць лактозы, якая знаходзіцца ў малацэ і малочных прадуктах.


На Лепельскім малочным заводзе гэта нікога не бянтэжыць. Тут кажуць, што бачылі малако на прылаўках інданэзійскіх крамаў, значыць і попыт ёсць. Пра непераноснасць увогуле не чулі.


"У іх прадаецца малако — не такі вялікі асартымент, культура харчавання не такая, як у Беларусі, але малако прадаецца. Калі прадаецца, значыць і купляецца. Там жа не толькі інданэзійцы, там кітайцы, тайцы, в'етнамцы".


Калі беларуская ўрадавая дэлегацыя была ў М'янме, мясцовыя былі ўражаныя… хлебам. Пыталіся, што такое хлеб. Ужо на наступны год Беларусь прадала ў М'янму хлеба на 100 долараў.


Нічога, што мусульмане не ядуць свініну. Тры кілаграмы свінога мяса ў Іарданію, паўтоны грудзінкі ў Турцыю, здор у Іарданію і яшчэ тону іншых вырабаў са свініны прадае Беларусь летась ў Турцыю.


Як прадаць асятровую ікру краіне, якая яе здабывае? Мы можам усё. За 2012 год Беларусь прадала ў Расію 55 кілаграмаў ікры асятровых на 36 тысяч долараў.


Асятровых у Каспійскім моры, акрамя Расіі, ловяць Азербайджан, Казахстан, Туркменія. У гэтыя краіны мы прадалі 152 тоны штучнай ікры асятровых. Яшчэ паўтоны штучнай ікры прадалі летась у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Там, відаць, штучная ікра спадабалася: у студзені 2013 Эміраты купілі яшчэ 4,7 тоны.


Крэветак на 600 долараў у 2012 годзе мы прадалі яшчэ адной марской дзяржаве — Новай Зеландыі.


А грузіны не супраць пачаставацца беларускім… вінаградным віном. Віна, уключаючы сусла, Беларусь прадала туды каля 200 тон, на 375 тысяч долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі