Мінкульт — забароненым музыкантам: Пішыце скаргу, чым можам — дапаможам
Лісты са скаргамі на забарону канцэртаў чыноўнікі абяцаюць перанакіраваць “куды трэба”.
Існаванне “чорных спісаў” дзеячаў мастацтва намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі катэгарычна адмаўляе і прапануе разбірацца ў кожным выпадку, “хто гэта зрабіў і па якіх прычынах”. Бо ніякіх праблем няма.
Музыкі гэтыя праблемы бачаць. У гурта “Нейра Дзюбель” адменена каля 10 канцэртаў, сцвярджае Аляксандр Кулінковіч.
Аляксандр Кулінковіч: “Канцэрты планаваліся, потым гаспадароў клуба куды трэба выклікалі і нам адмаўлялі. А зараз, убачыўшы гурт “Нейра Дзюбель”, гаспадары клуба пераходзяць на іншы бок вуліцы”. Кулінковіч: Канцэрты планаваліся, потым гаспадароў клуба куды трэба выклікалі і нам адмаўлялі
Як мінімум тры канцэрты з незразумелых прычынаў раптоўна адмененыя ў Лявона Вольскага з гуртом “Крамбамбуля”. Але гэта ў клубах ды пабах. У Змітра Вайцюшкевіча выступы адмяніліся ў дзяржаўным Палацы культуры ветэранаў.
Зміцер Вайцюшкевіч: “Традыцыйны канцэрт 20 ліпеня, калі сантэхнік ці будаўнік нейкі сказаў, што тэрмінова Дом ветэранаў трэба рамантаваць. Канцэрт на 7 студзеня на Божае нараджэнне. І традыцыйны канцэрт 8 сакавіка — мы рыпнуліся, а нам сказалі, што “не”.
Лявон Вольскі пасля адмены 11 лютага канцэрта “Крамбамбулі” ў сталічным клубе Re:Public вывучыў заканадаўства ў галіне канцэртнай дзейнасці.
Лявон Вольскі: “Неабходна за 5 дзён паведаміць у аддзел культуры Мінгарвыканкама, што мы будзем праводзіць канцэрт. І яны мусяць проста зафіксаваць гэта. Канцэрт можа быць адменены толькі па адной прычыне: калі Камісія па прадухіленні прапаганды наркотыкаў, парнаграфіі і міжнацыянальнай варожасці вырашыць паставіць бар’ер непажаданым уплывам на нашых слухачоў. І тое яны маюць права не адмяніць канцэрт, а каб тая ці іншая песня не гучала!”.
Музыка не супраць, каб у Мінкульце разабраліся з гэтымі адменамі ды забаронамі.
Першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі ад дапамогі музыкантам не адмаўляецца. На ўзроўні “чым можам”...
Уладзімір Карачэўскі: “ Хай звяртаюцца, будзем разглядаць, і калі чымсьці зможам — дапаможам. Калі будзе зварот грамадзяніна, то мы яго перанакіруем туды (дзе была атрыманая адмова — Еўрарадыё) і паспрабуем, каб быў нейкі адказ”. Карачэўскі: Хай звяртаюцца, будзем разглядаць, і калі чымсьці зможам — дапаможам
Але прызнаецца, што ніякага ўплыву на гаспадароў прыватных клубаў Мінкульт не мае.
Як даведалася Еўрарадыё, днямі Вольскі атрымаў адказ з Міністэрства культуры з нагоды забароны канцэрта ў Re:Public. У лісце музыканта ўпэўніваюць — ніякіх “чорных спісаў” не існуе. І ўсё! Цяпер лідар “Крамбамбулі” піша ў камісію па прадухіленні прапаганды наркотыкаў і парнаграфіі.
Аляксандр Кулінковіч, калі гісторыя паўтарыцца, абяцае, што сходзіць на прыём да таго ж Карачэўскага, Стружэцкага ці нават міністра Латушкі.
Зміцер Вайцюшкевіч нікому пісаць скаргі на забароны не будзе — не бачыць сэнсу.
Фота: http://fota.bymedia.net/