Мінская ДАІ: Не ставім за мэту зарабіць на парушальніках паркоўкі
Сёння аўтаінспекцыя праводзіць масавую эвакуацыю няправільна прыпаркаваных аўто ў цэнтры Мінску.
"У першую чаргу ўвага будзе да вуліцы Інтэрнацыянальнай. Таму што тут зафіксаваныя абуральныя выпадкі парушэння правілаў спынення і паркоўкі. Часам кіроўцы спыняюць свае аўто на пешаходных пераходах і праезнай частцы. Безумоўна, з такімі выпадкамі сталічная аўтаінспекцыя будзе змагацца", — гаворыць Еўрарадыё кіраўніца прэс-службы сталічнай ДАІ Таццяна Харлінская.
Эвакуацыя будзе праходзіць у цэнтры Мінска на вуліцах Гікалы, Платонава, Энгельса, Якуба Коласа, Янкі Купалы і Інтэрнацыянальнай. Будуць задзейнічаныя ўсе эвакуатары сталічнай ДАІ і дзесяці арганізацый, якія займаюцца прымусовай эвакуацыяй.
У ДАІ кажуць, што не ставяць за мэту сабраць шмат штрафаў і эвакуяваць як мага больш аўтамабіляў. Таму і папярэджваюць пра акцыю, каб кіроўцы маглі самі прыбраць свае аўто. Але ўсе, хто парушыць правілы, будуць эвакуяваныя на штрафстаянку.
Штраф за няправільную паркоўку — 100 тысяч рублёў, за паўторнае парушэнне — 200 тысяч. Тарыф на эвакуацыю — ад 300 да 380 тысяч, а таксама давядзецца заплаціць за паслугі штрафстаянкі.
Фота — interfax.by