На хвалях "Аўтарадыё" будзе вяшчаць радыё “Сталіца”
На мінулым тыдні ўжо было пробнае тэставанне. А пераход з УКХ у ФМ дыяпазон адбудзецца ў красавіку.
Пра тое, што частату 105,1 МГц аддалі радыё “Сталіцы”, распавёў Еўрарадыё дырэктар радыёстанцыі Алег Міхалевіч:
“105,1 — так, нам выдзелілі гэтую хвалю. Хутчэй за ўсё пачнем на ёй вяшчаць у красавіку. На мінулым тыдні ўжо было пробнае тэставанне”.
Пра тое, што гэтую частату верагодна перададуць радыё “Сталіцы” стала вядома яшчэ ў студзені 2012-га.
Нагадаем, 12 студзеня 2011 года рэдакцыя Аўтарадыё атрымала прадпісанне Мінсувязі аб спыненні дазволу на права выкарыстання частот. Загад аб спыненні вяшчання Аўтарадыё быў вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. На ім стаяў подпіс старшыні камісіі Алега Праляскоўскага.
Афіцыйнай прычынай пазбаўлення радыёстанцыі частот стала “невыкананне творчай канцэпцыі і распаўсюджванне інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”. Падчас выбарчай кампаніі Аўтарадыё пускала ў эфір ролікі кандыдатаў у прэзідэнты Саннікава і Някляева, дзе тыя заклікалі прыходзіць “на плошчу”.
Фота — bymedia.net