Нацбанк: Золатавалютны рэзерв у бяспецы — грыбка няма!

Долар пад пагрозай — яго жарэ каварны грыбок, пужае беларусаў газета "Рэспубліка".

"Грыбы паўсюль! Яны ў паветры, у зямлі. Але без іх жыццё б спынілася", — кажа кіраўнік лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі Вольга Гапіенка.

Але гэта нармальная з'ява, супакойвае біёлаг. Долары зробленыя з баваўнянага валакна, таму калі ёсць умовы, то грыбок будзе расці.

"Нармальныя ўмовы для росту грыбоў — грыбы растуць, а ўмовы, які не стымулююць рост, — грыбок не расце. Гэта вільготнасць і тэмпература. Я долары не правярала. Гэта можа быць любы грыбок, які расце на паперы, ці той, які быў у памяшканні. Іх вельмі шмат, гэтых грыбкоў".

Напрыклад, валюта захоўвалася недзе ў сырым месцы, як сутарэнне. Цяпер жа многія хаваюць, распавядае пра магчымыя прычыны з'яўлення грыбка Вольга Гапіенка.

Больш за ўсіх наяўнай валюты ў нашай краіне захоўвае ў памяшканнях Нацыянальны банк. Ці ў бяспецы валютныя рэзервы? Распавядаем пра небяспечны грыбок супрацоўнікам сховішча Нацбанку. Які жах! — адказваюць:

"У нас прыкладна 50 працэнтаў вільготнасці. Цвілі няма! Выкарыстоўваецца вентыляцыя. Паветра праточнае, не застойваецца. Нармальныя звычайныя ўмовы, як у кватэры", — супакойваюць банкіры і даюць параду: прынцыпова, каб вільготнасць не перавышала 60-70 працэнтаў. Калі ў памяшканні паніжаная тэмпература, высокая вільготнасць і няма спецыяльных фільтраў, там будзе збірацца кандэнсат і з'яўляцца цвіль.

"Каб не рос грыбок, патрэбная нармальная тэмпература, сухое паветра і праветрыванне", — тлумачыць Вольга Гапіенка.

Карацей, калі долар будзе ляжаць у кватэры ці ў кашальку, то ўсё будзе нармальна.

А каб грыбок вырас, трэба захоўваць амерыканскую валюту ў цэлафане ці слоіку — у панчохах можна, яны праветрываюцца. Ці пакласці валюту ў сутарэнне, альбо закапаць у зямлю.

Можна, зразумела, замест амерыканскіх долараў закапаць у зямлю свае ашчаджанні ў канадскіх, бо яны з пластыку. Але і гэта можа не ўратаваць, бо ўжо знайшлі грыбок, які жарэ пластык!

"Ён палімеры есць, шкло, ён есць усё. Калі б не было грыбоў, мы б задыхнуліся ад арганікі. Цяпер грыбы перабраліся нават на сінтэтыку. Знайшлі грыбок, які прызвычаіўся пластык есці. Ён з'ядае ўсё, і потым гэта пераводзіць ў неарганіку, дзякуючы якой потым расце лес".

Калі ж долар з’еў грыбок, то адчайвацца не варта. Яго заўсёды можна здаць у любы банк з невялікай камісіяй, тлумачаць у аддзяленні Нацбанка на Талстога.

"Нацбанк — так, як і ўсе камерцыйныя банкі, — прымае такую валюту на інкаса. Валюта прымаецца, залічваецца на пэўны рахунак. Калі яны не могуць вызначыць від забруджвання ці ім падаецца, што валюта фальшывая, яе павінны прыняць на інкаса. Яна ў вас забіраецца, правяраецца на працягу месяца, за гэта ёсць пэўная камісія, цяпер каля 5 працэнтаў".

Таксама на вырашэнне касіра такую валюту могуць памяняць адразу ў абменніку з невялікай камісіяй.

Згодна з пастановай Нацбанка, можна абмяняць банкноты, якія маюць надрывы, у тым ліку залепленыя ліпкай стужкай, навялікія адтуліны, праколы, страчаныя куты і краі, нязначныя забруджванні, плямы, надпісы, штампы.

Таксама можна абмяняць купюры, якія страцілі значную частку, але не больш за 45 працэнтаў, злепленыя з частак, што належаць адной банкноце і складаюць 55 працэнтаў яе плошчы. Купюры, якія змянілі афарбоўку, маюць свячэнне ў ультрафіялеце, пашкоджаныя агнём, іншымі вадкасцямі ці хімікатамі, калі гэта не перашкаджае праверыць сапраўднасць банкнот. Альбо купюры, якія змянілі свой памер з-за ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя.

Фота: comments.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі