Расіяне могуць без візы паехаць у 60 краін, а беларусы — у 20
Расія і Беларусь жывуць нібыта ў Саюзнай дзяржаве, але па розных візах.
"Мяне проста цікавіла пытанне, чаму існуе такі дысбаланс паміж візавымі пытаннямі для грамадзян Расіі і беларускіх грамадзян, — кажа палітолаг Вышэйшай школы эканомікі Зміцер Балкунец. — Ёсць вялікі разрыў. Беларусы могуць наведваць трохі больш за 50 краінаў, а расіяне ўжо больш за 100".
Зміцер Балкунец памыляецца ў адным. Беларусы могуць без візы наведваць толькі... каля 20 краінаў. Гэта Еўрарадыё пацвярджаюць і ў нашым Міністэрстве замежных спраў. Палітолаг Зміцер Балкунец нават напісаў запыт у беларускае МЗС, патрабаваў адказаць, хто вінаваты ў правале перамоваў, калі такія вяліся. Адказ атрымаў дыпламатычны: "Я чакаў канкрэтыкі, якія перамовы вядуцца, у якія тэрміны будуць рэалізаваныя, якія чакаюцца вынікі".
На пачатак красавіка 2013 года расіяне мелі бязвізавы рэжым з 64 краінамі, спрошчаны візавы рэжым, калі віза ставіцца на мяжы, — з 48 краінамі. Яшчэ ў дзясятак краінаў віза афармляецца анлайн — такія як Кіпр ці Шры-Ланка.
"Расіяне плацяць удвая меней за шэнгенскія візы. Я атрымоўваў візу ў ЗША, мне далі толькі аднаразовую, а расіянам даюць ужо трохгадовыя візы. Гэта дыскамфорт. Беларускі пашпарт становіцца неканкурэнтным", — адзначае Зміцер Балкунец.
Аказваецца, Расія ўжо дамовілася аб малым памежным руху з Польшчай. Жыхары Калінінградскай вобласці могуць ездзіць у Польшчу без візы на 30 дзён. Таксама з Нарвегіяй, куды расіяне, якія жывуць у 30-кіламетровай зоне, могуць выязджаць на 15 дзён.
Ёсць яшчэ адзін бок пытання — эканамічны. Толькі ў 2011 годзе беларусы атрымалі каля 700 тысяч шэнгенскіх віз; праўда, палова з іх — бясплатныя. Але за візы беларусы заплацілі 20 мільёнаў еўра.
"Беларусь у 2014 годзе прымае чэмпіянат свету па хакеі. Давайце ўвогуле адменім візы для еўрапейцаў. Украіна адмяніла — і там адразу павялічыўся прыток турыстаў. Што мы баімся, што француз прыедзе і застанецца тут на будоўлі працаваць?"
Якія ж краіны без візы можа наведаць беларус?
Азербайджанская Рэспубліка;
Рэспубліка Арменія;
Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла (да 90 дзён без права займацца камерцыйнай ці іншай дзейнасцю, якая аплачваецца);
Рэспубліка Гандурас;
Грузія;
Рэспубліка Казахстан;
Рэспубліка Куба (да 30 дзён);
Рэспубліка Кыргызстан;
Рэспубліка Малдова;
Рэспубліка Македонія (пры наяўнасці пасведчання аб запрашэнні або тэлеграмы, або турыстычнага дакумента);
Малайзія (да 30 дзён; неабходна наяўнасць пацвярджэння зваротных білетаў і сродкаў, дастатковых для знаходжання ў краіне);
Манголія (пры наяўнасці пасведчання аб запрашэнні альбо тэлеграмы, альбо турыстычнага дакумента);
Рэспубліка Нікарагуа;
Расійская Федэрацыя;
Рэспубліка Сербія (да 30 дзён);
Рэспубліка Таджыкістан;
Рэспубліка Узбекістан;
Украіна (паводле дакументаў, якія пацвярджаюць асобу і грамадзянства);
Чарнагорыя (да 30 дзён пры наяўнасці турыстычнага ваўчара — iндывiдуальнага або калектыўнага, або запрашэння, але не больш за 90 дзён на працягу 6 месяцаў);
Рэспубліка Эквадор (пры турыстычных паездках да 90 дзён).