У Барысаве “сацыяльнае” малако скончылася

120416 Jaszczanka Malako.mp3

У снежні ўрад Беларусі прыняў пастанову, паводле якой пашырыўся спіс сацыяльна значных тавараў. Сярод іншых у спіс “сацыяльных” прадуктаў увайшло малако. Так, цягам некалькіх месяцаў Барысаўскі малочны камбінат умовы пастановы выконваў: тут рабілі малако тлустасцю 2%, коштам усяго паўтары тысячы. Цяпер жа малочнікі падлічваюць страты. Пакупнікам застаецца толькі ўздыхаць ад высокіх цэн.

“Двухадсоткавае малако, якое каштавала тысячу шэсцьсот рублёў, знікла. Засталося толькі тлустае – 3,6%. І яшчэ з’явілася новае, з лактулозай. Яно ўсяго 2% тлустасці, але каштуе ажно 4350 рублёў за літр”, – распавядае барысаўчанка Таісія.

На Барысаўскім малочным камбінаце факт спынення выпуску так званай “сацыяльнай” прадукцыі пацвердзілі.

“Гэтая “сацыяльная” прадукцыя – стратная. Ну хто будзе працаваць сабе на страту?” – задаюцца пытаннем у адміністрацыі камбіната.

Адсутнасцю таннага малака ў гарадскіх крамах застаўся незадаволены і мясцовы праваабаронца Алег Мацкевіч.

Алег Мацкевіч: “На дзвярах крамы я ўбачыў аб’яву, на якой было напісана, што вытворчасць так званага “сацыяльнага” малака спыняецца. Ніякіх прычын у гэтым лісце ўказана не было, толькі пазначалася, што такое рашэнне было прынятае на падставе нейкага ліста”.

Хто і куды даслаў такі ліст, у аб’яве не паведамлялася. А вось Алег Мацкевіч з нагоды адсутнасці “сацыяльнага” малака напісаў некалькі скаргаў.

“Я даслаў звароты на імя дырэктара Барысаўскага малочнага камбіната і ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці. Там я пазначыў, што адбываецца свядомы сабатаж пастановы Саўміна, што яна папросту ігнаруецца. Акрамя таго, не ўлічваюцца інтарэсы сацыяльна неабароненай часткі насельніцтва”, – распавядае Еўрарадыё Алег Мацкевіч.

Адказ з Камітэта дзяржкантролю праваабаронца атрымаў усяго праз некалькі дзён.

Алег Мацкевіч: “З КДК прыйшоў адказ на электронную пошту. У ім паведамлялася, што мой зварот перанакіраваны ў Мінаблвыканкам. Карацей, адфутболілі”.

А вось малочны камбінат адказваць Мацкевічу не спяшаецца. Па словах праваабаронцы, на сайце камбіната zdravushka.by сярод пераліку прадукцыі яшчэ некалькі дзён таму было ўказана і двухадсоткавае “сацыяльнае” малако. Пасля таго, як Мацкевіч накіраваў скаргу, старонка раптам зачынілася на рэканструкцыю.

Дарэчы, малочны камбінат з Барысава не першы, які адмаўляецца рабіць “сацыяльныя” тавары. Раней Маладзечанскі малочны камбінат спыніў вытворчасць “сацыяльнай” смятаны. Па словах кіраўніка прадпрыемства, страты пры яе вырабе дасягнулі амаль 60%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі