Як з-за Мытнага саюза беларусы спазняюцца на самалёт у Маскве
“Каб спрасціць жыццё”, пасажырам, якія ляцяць у Мінск з перасадкай у Расіі, даводзіцца забіраць багаж і па новай праходзіць мытню.
Калі Мытны саюз і прыносіць карысць дзяржаве, то для звычайных беларусаў ён часам стварае нязручнасці. Напрыклад, павышэнне пошліны на аўто ці неабходнасць цягаць багаж па маскоўскіх аэрапортах.
Юлія вярталася з Франкфурта ў Мінск у студзені. Квіток набыла адразу да Мінска, але з перасадкай у Маскве.
"На рэгістрацыйнай стойцы перавозчыка мне сказалі, што я павінна атрымаць свой багаж у Маскве і зноў яго зарэгістраваць на рэйс да Мінска. Гэта было непрыемна... Я спрабавала спрачацца, бо здаровага сэнсу тут няма. Але супрацоўнікі кампаніі сказалі, што нічога не зробіш, бо гэта Мытны саюз. Відаць, што гэта праўда. Калі ляцела ў Астану праз Маскву, ніякіх падобных глупстваў не было".
У мытні мінскага аэрапорта Еўрарадыё пацвердзілі — багаж сапраўды трэба забіраць, калі вы прылятаеце на тэрыторыю Мытнага саюза, бо паміж Расіяй і Беларуссю няма мытнай мяжы і рэйсы ў Мінску не даглядаюцца.
"Мы ляцелі з Лондана ў Мінск праз Маскву, — распавядае жыхарка Мінска Паліна. — У Лондане нам сказалі, што трэба будзе забраць багаж у Маскве, бо такія правілы. А ў нас была гадзіна ці дзве паміж рэйсамі. Пакуль мы чакалі багаж і падняліся, каб яго "зачэкініць" на рэйс у Мінск, нам сказалі, што мы спазніліся".
Паліна набыла прамы квіток да Мінска, але кампанія не прадугледзела, што часу можа не хапіць. Таму на рэйс яны не паспелі і давялося ляцець на наступным праз 5 гадзін.
Ягор ляцеў з Нью-Ёрка таксама праз Маскву ў Мінск. Звычайна ў такіх выпадках нават не выпускаюць з міжнароднай зоны аэрапорта. Але гэтым разам давялося праходзіць усе працэдуры кантролю і выходзіць на тэрыторыю Расіі, а потым зноўку праходзіць дагляд на рэйс у Мінск.
"Па маім досведзе практыка іншая звычайна. Калі нават робіцца перасадка, вы застаецеся ў міжнароднай зоне і не трапляеце ў краіну. І не трэба зноў праходзіць бяспеку, здымаць абутак. Трошкі было дзіўна, але я не пытаў, чаму так. А вось па прыездзе ў Мінск усё выглядала так, нібыта там дзень адчыненых дзвярэй. Увогуле нічога не правяралі: ні сумкі, ні пашпарты".
У беларускім Мытным камітэце Еўрарадыё тлумачаць, што ўся гэта працэдура патрэбная, каб… спрасціць перавозку багажу.
"Калі ваш багаж пойдзе пад мытным кантролем у Беларусь, то ён набывае тэрмін — "не суправаджаны багаж". Таму расійская мытня прапануе яго выпусціць асобе, якая яго вязе, і далей гэтая асоба ўжо спакойна перасоўваецца па тэрыторыі Мытнага саюза. Калі ж багаж пойдзе пад мытным кантролем з Масквы, вам давядзецца яго ў Мінску дэклараваць, як не суправаджаны багаж".
Але нават такой магчымасці ў беларусаў няма, бо багаж у Маскве выдадуць абавязкова, і калі яго не забраць — ён застанецца ў аэрапорце.
У Еўрасаюзе таксама адзіная прастора без межаў. Але калі ляціш у Капенгаген праз Рыгу, у латвійскай сталіцы багаж забіраць не трэба — толькі прайсці пашпартны кантроль.