ААЦ: За парушэнне 60-га ўказа складзеныя толькі 5 пратаколаў
Пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавядае першы намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра Уладзімір Рабаволаў.
Згодна з указам, напрыклад, усе кавярні і рэстараны, якія маюць wi-fi, былі абавязаныя браць пашпартныя звесткі ў кліентаў. Але, як даведалася Еўрарадыё, многія гэтага не рабілі. Па словах Рабаволава, за 2012 год было толькі пяць парушэнняў ўказа №60.
Уладзімір Рабаволаў: "Мы падымалі адміністратыўную практыку за мінулы год. Было ўсяго пяць выпадкаў складання адміністратыўных пратаколаў за парушэнні 60-га ўказа. Практыка такая, што няшмат парушэнняў. Гэта кепска ці добра? На мой погляд, добра, таму што сістэма дысцыплінавалася".
Пратаколы складалі падатковыя за парушэнні пункта ўказа, які абавязвае прадпрымальнікаў прадаваць тавары толькі з сайтаў, зарэгістраваных у Беларусі.
Цяпер гэтую норму адмянілі, і пашпарт для інтэрнэт-кавярні ўжо не абавязковы. Як будуць фіксаваць карыстальнікаў цяпер? Пра гэта і іншае неўзабаве на Еўрарадыё.
Фота Уладзіміра Рабаволава з канферэнцыі АБСЕ — charter97.org