У мінскіх школах усталявалі дамафоны. Ці стала складаней туды ўвайсці?

У мінскіх школах усталявалі дамафоны. Ці стала складаней туды ўвайсці?

Мінуў месяц пасля трагедыі ў Стоўбцах, дзе школьнік з нажом забіў настаўніцу і старшакласніка. Ці сталі беларускія дзеці абароненыя лепш? Размоваў пра меры бяспекі ў школах было шмат, а што ў выніку?

Еўрарадыё вырашыла правесці эксперымент: мы выбралі раён у цэнтры Мінска, у межах вуліц Маякоўскага, Аэрадромнай і Чкалава і паспрабавалі ўвайсці ў размешчаныя тут установы адукацыі. Тут іх шмат: СШ №55, СШ №30, гімназія №74, СШ №168, гімназія №56, СШ №90 і СШ №1.

СШ №55

Школа, як і амаль ўсе іншыя ў сталіцы, агароджаная высокім плотам. Бацькі чакаюць сваіх дзяцей ля ўвахода. На першы погляд, у школу лёгка можна трапіць праз звычайныя пластыкавыя дзверы. Але не ўсё так проста. Ля дзвярной ручкі вісіць папярэджанне пра тое, што увайсці можна ці націснуўшы на кнопку званка дамафона, ці то прыклаўшы “электронны ключ”. Націскаем кнопку і чакаем пытанняў. Але дзверы адчыняюцца. Заходзім.

 

У мінскіх школах усталявалі дамафоны. Ці стала складаней туды ўвайсці?

У школьным холе нас спыняе вахцёр. Дабрадушны мужчына перадпенсійнага ўзросту здзіўляецца нашаму пытанню пра сістэму бяспекі:

“Гэта ўжо даўно ў нас было, другі год як стаіць. Як і камеры, якія таксама працуюць. Кожны вучань мае уласны чып, якім карыстаецца, каб патрапіць на заняткі. Такія “ключы” ёсць таксама і ў бацькоў вучняў малодшых класаў. Так што я б не сказаў, што нешта моцна за апошні час змянілася”.

СШ №30 і гімназія №74

На ўваходах у гэтыя навучальныя ўстановы дамафонаў няма. Затое ёсць камеры відэаназірання і папярэджанні пра іх. У гімназіі проста за дзвярыма можна пабачыць, што ідзе рамонт.

Сярэдняя школа №168

На наш погляд, школа з самым пільным кантролем. На ўваходзе вісіць ужо знаёмы нам дамафон. Націскаем на званок і чакаем, пакуль дзверы адчыняцца. Але замест гуку, з якім адчыняюцца дзверы, чуем пытанні: хто прыйшоў і навошта? Адказваем і праходзім.

Жанчына на вахце, якая месціцца проста насупраць дзвярэй, адразу бярэ журналісцкую акрэдытацыю і перапісвае ўсе дадзеные ў спецыяльны журнал наведнікаў. Тым часам да вахты падыходзіць высокі мужчына, які аказваецца дырэктарам школы. Ён коратка адказвае, што іх сістэма бяспекі працуе даўно і эфектыўна, а “людзі з вуліцы” да іх не заходзяць.

Гімназія №56

На ўваходзе ў гімназію заўважаем прапускную сістэму з карткамі і некалькі відэакамер. Аднак патрапіць унутр не цяжка: дзверы не заблакаваныя і адчыняюцца як звычайныя.

Але вахцёрка не прапускае нас далей за хол. Яна кажа, што кантроль у гімназіі жорсткі, і так было заўсёды. Бацькі нават не могуць зайсці за дзецьмі і мусяць іх чакаць “на дыване” ля дзвярэй. Таксама жанчына дадае, што ўсё бачыць па камерах і пры неабходнасці можа заблакаваць уваход у гімназію. Што да дамафона, дык і ў гэтай навучальнай установе ён стаіць ужо другі год.

СШ №90

Гэтая школа не адрозніваецца ад суседніх — тая ж сістэма бяспекі з карткамі для вучняў і камерамі відэаназірання. Паперка на шкле паведамляе, што “уваход у школу здзяйсняецца толькі па карткам навучэнцаў і прапускам супрацоўнікаў”. На самой справе, дзверы адчыняюцца без карткі: дамафон ці то адмыслова выключаны, ці не працуе.

“Ведаеце, я звычайная пенсіянерка і працую тут зусім нядаўна, так што падрабязна вам адказаць на пытанні наўрад ці здолею, выбачайце”, — нешматслоўна адказвае на нашыя пытанні вахцёрка.

Школа №1

Дзверы школы, якія выходзяць на вялікую і шумную вуліцу Чкалава, знаходзяцца пад аховай усё той жа сістэмы з дамафонам. Даводзіцца званіць і распавядаць, навошта трэба зайсці ўнутр. Ад жанчыны на вахце не чуем нічога новага — усё тыя ж словы пра тое, што сістэма працуе ўжо другі год, а кожны вучань мае асабістую картку для ўвахода ў школу.

Колькі каштуе “Электронная школа”

Усе дамафоны і камеры выглядаюць аднолькава і былі ўсталяваныя прыблізна адначасова, таму можна зрабіць выснову, што гэта было зроблена цэнтралізавана. У камітэце па адукацыі аднаго з раёнаў Мінска Еўрарадыё даведалася, што такая сістэма бяспекі называецца комплексам “Электронная школа”.

На сайце дзяржзакупак мы знайшлі некалькі тэндараў са словазлучэннем “Электронная школа”. Сістэма кантролю доступа на ўваходзе ў мінскую гімназію №4 (дамафон, счытвальнік карт, турнікет, кампутар для вахты, праграмнае забеспячэнне і іншае) ацэньвалася ў 17,7 тысячы рублёў. Такую ж закупку (за 17,5 тысячы) збіралася правесці і гімназія №13 горада Мінска. Абодва тэндары былі абвешчаныя ў снежні 2016 года. У кошт гэтых сістэм кантролю доступа не ўваходзіць відэаназіранне.

Спецыялісты Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, якія прымалі ўдзел у распрацоўцы “Электроннай школы”, у ліпені 2018 года распавядалі агенцтву “Минск-Новости” пра тое, што да праекту ўжо падключаныя 104 установы адукацыі. У планах да 2020 года ахапіць сістэмай усе сталічныя школы і гімназіі, а таксама 80% усіх установаў сярэдняй адукацыі ў краіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі