Як банкі засцерагаюць сябе за кошт кліентаў

“Вы можаце зняць абмежаванні з дапамогай заявы. Нават па тэлефоне можна. Усе ліміты на разлікі на расійскіх сайтах, вывады на электронныя кашалькі, разлікі на гульнявых сайтах… Усё можна зняць”, — кажа мне у слухаўцы прыемны дзявочы голас.

Тэлефаную як кліент у свой банк, ад якога раптам атрымаў паведамленне пра значныя абмежаванні магчымасцяў маёй пластыкавай карты. Навіна была дапісаная дробным шрыфтам да штомесячнай табліцы аперацый па карце. Прачытаў гэты мэйл абсалютна выпадкова.

Каб даведацца, што спакусіла банкіраў праявіць клопат пра мае грошы, тэлефаную ім ужо ў якасці журналіста. Але даведваюся няшмат — камерцыйная таямніца. Мне толькі зачытваюць афіцыйнае паведамленне. Аказваецца, яно выйшла яшчэ месяц таму — 8-га траўня.

“З 8 траўня з мэтай узмацнення крокаў па забеспячэнні цэласнасці грашовых сродкаў былі уведзеныя наступныя абмежаванні: ліміт на зняцце наяўных сродкаў у банкаматах за межамі Рэспублікі Беларусь у памеры тысячы долараў у суткі, а таксама абмежаваная магчымасць вываду сродкаў у электронныя плацёжныя сістэмы. Адключана ўся электронная камерцыя на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі”.

Вярнуць усё на месцы можна насамрэч вельмі проста — дастаткова чыркануць свой подпіс пад паперкай, дзе напісана аб усведамленнем мной рызыкі. Верагодна, гэты дакумент потым можа усплыць на судовым працэсе, калі я раптам натраплю на інтэрнэт-махляроў і захачу вярнуць грошы праз суд.

На пытанні пра тое, чаму я даведаўся аб усіх зменах толькі дзякуючы выпадку, а не ад супрацоўнікаў банка адказ адзін — трэба часцей заходзіць на сайт установы. Ці законна гэта, даведваюся ў Нацыянальным банку. Там раяць перачытаць дамову, заключаную з банкам падчас адкрыцця рахунка. У ёй чорным па белым напісана, што банк мае амаль бязмежныя магчымасці:

“У любы час па сваім жаданні і без папярэдняга паведамлення трымальнікам змяняць набор аперацый, паслуг і функцый, звязаных з выкарыстаннем картак”.

Не падкапаешся. Пра гэта кажуць і юрысты. У Беларускім таварыстве абароны правоў спажыўцоў распавядаюць, што сёлета толькі аднойчы мелі справу з пластыкавай карткай. Мінчанін спрабаваў вярнуць скрадзеныя махлярамі грошы. Не атрымалася.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі