Як змянілася колькасць ініцыятыўных груп удзельнікаў выбараў за 5 гадоў
Сёлета самая вялікая група ў Аляксандра Лукашэнкі — подпісы за яго будуць збіраць 10,5 тысяч чалавек. Але так было не заўсёды.
З васьмі зарэгістраваных ініцыятыўных груп самая шматлюдная — у дзейнага кіраўніка краіны. Ажно 10,5 тысяч чалавек. Гэта значыць, што калі кожны ўдзельнік ініцыятыўнай групы збярэ па 10 подпісаў, то Лукашэнка мае нядрэнныя шансы на рэгістрацыю. Пяць гадоў таму ў яго групе было нашмат менш удзельнікаў — 8403. Але праблем са зборам подпісаў не ўзнікла. У ЦВК давераная асоба кандыдата Лукашэнкі падала іх ажно 1 мільён 113 тысяч, з якіх несапраўднымі прызналі 3 тысячы.
Цікава, што у 2010 годзе самая шматлюдная ініцыятыўная група была зусім не ў Лукашэнкі. Сяргей Гайдукевіч аднёс у ЦВК звесткі аб 10,4 тысячах асобаў, згодных збіраць подпісы за яго вылучэнне. Колькі подпісаў яны сабралі, мы не даведаліся — пазней Гайдукевіч ад удзелу ў выбарах адмовіўся. Сёлета яго група нашмат больш сціплая — усяго 2,5 тысячы. Для рэгістрацыі свайго кандыдата кожны яе ўдзельнік павінен назбіраць крыху больш за 40 подпісаў. Не такая і страшная лічба.
На трэцім месцы па колькасці ініцыятыўнай групы ў 2010 годзе быў Уладзімір Някляеў — 3271 чалавек. Сёлета ад “Гавары праўду” ідзе Таццяна Караткевіч і мае ўсяго 1900 чалавек. Малавата, бо ў 2010 годзе кандыдат ад БНФ, які цяпер нібы цалкам падтрымлівае Караткевіч, меў групу з 1306 чалавек. А быў яшчэ Саннікаў з 2000, Рымашэўскі з 1700, Міхалевіч з 1795. Калі верыць Лідзіі Ярмошынай, усе яны назбіралі запаветныя 100 тысяч і былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў. Кожнаму з сяброў ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч сёлета трэба за месяц сабраць каля 53 подпісаў. Тэарэтычна, канечне, магчыма.
Анатоль Лябедзька сёлета ідзе на выбары са сціплай ініцыятыўнай групай памерам у 1000 чалавек. Яго амаль паплечнік Сяргей Калякін і тое мае больш — 1413. Пры гэтым у 2010 годзе кандыдат ад партыі Лябедзькі Яраслаў Раманчук меў значна большую ініцыятыўную групу — 1461 чалавек. Але лідар АГП поўны аптымізму і абяцае лёгка сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў (па 100 на кожнага удзельніка ініцыятыўнай групы). Пры гэтым цікава, што афіцыйная колькасць сяброў АГП ва ўсёй краіне — каля 3-4 тысяч. Калі б у склад ініцыятыўнай групы свайго кандыдата ўвайшла хаця бы палова з іх, праблем са зборам подпісаў магло быць нашмат менш. А так за спадара Лябедзьку крыху трывожна. Сам ён тлумачыць няўдзел у выбарах такой вялікай часткі аднапартыйцаў страхам перад рэпрэсіям.
Адзіны апазіцыянер, колькасць ініцыятыўнай групы якога за пяць гадоў толькі вырасла, — Мікола Статкевіч. Сёлета подпісы за яго былі гатовыя збіраць ажно 1700 чалавек. У 2010 гэта рабілі толькі 1547. Тады нібы сабралі. Сёлета рабіць гэта не дазволіў ЦВК, групу Статкевіча не зарэгістравалі.
Значна зменшылася ініцыятыўная група самага незразумелага прэтэндэнта ў кандыдаты — Віктара Цярэшчанкі. У 2010 годзе ён меў больш-менш салідную групу з 1301 чалавека. Сёлета — толькі 946. Такім чынам, кожнаму з яго паплечнікаў давядзецца назбіраць больш за 105 подпісаў. Неяк не асабліва верыцца, што гэта магчыма.
Цяпер пра агульную колькасць ініцыятыўных груп апазіцыі і ўлады. У 2010 годзе разам групы апазіцыянераў Някляева, Саннікава, Статкевіча, Кастусёва, Рымашэўскага, Уса, Раманчука і Міхалевіча налічвалі 14,4 тысячы чалавек — нашмат больш за ініцыятыўную групу Лукашэнкі. Сёлета ў апазіцыі разам (Лябедзька, Караткевіч, Статкевіч і Калякін) усяго 6 тысяч чалавек. То бок у сярэднім пяць гадоў таму кожны выразны апазіцыянер меў 1800 чалавек у ініцыятыўнай групе. У 2015 — толькі 1500.
Эксперт па выбарчым праве Сяргей Альфер гаворыць, што рэальныя шансы сабраць 100 тысяч подпісаў сёлета маюць тыя кандыдаты, якія сабралі ў ініцыятыўныя групы хаця б 3-4 тысячы чалавек. “Гэта павінныя быць актыўныя матываваныя людзі. Сёлета збіраць подпісы давядзецца летам, людзі ў адпачынках, працоўныя дні на прадпрыемствах скарочаныя. І подпісы, відаць па ўсім, будуць збіраць валанцёры. Усё гэта ўказвае на тое, што патэнцыйным кандыдатам прыйдзецца вельмі цяжка. Рэальныя шанцы сабраць 100 тысяч подпісаў маюць хіба што Лукашэнка і Гайдукевіч. І тое наконт апошняга складана сказаць. А тыя, хто мае ініцыятыўныя групы памерам 300-400 чалавек, займаюцца выключна піярам сваіх прозвішчаў”, — мяркуе эксперт.