Злодзей у Віцебску абліў сваю ахвяру зялёнкай
Следчы камітэт, ілюстрацыйнае фота
Віцяблянка двойчы пацярпела ад рук свайго знаёмага, паведамляе Следчы камітэт.
На пачатку снежня 2023 года 34-гадовы мужчына выпіваў у гасцях у сваёй 44-гадовай знаёмай. Сыходзячы дадому, ён скраў заплечнік з асабістымі рэчамі гаспадыні кватэры. Жанчына падала заяву ў міліцыю, і на зламысніка пачалі крымінальную справу.
Разгляд крымінальнай справы ў судзе прызначылі на 29 сакавіка. Мужчына падпільнаваў пацярпелую каля будынка суда і стаў угаворваць не ісці на пасяджэнне. Калі жанчына адмовілася, ён абліў яе зялёнкай і ўцёк з месца здарэння.
Віцяблянцы аказалі першую дапамогу і выклікалі хуткую меддапамогу. Нападніка затрымалі праз некалькі гадзін пасля здарэння.
На допыце мужчына заявіў следчаму, што баяўся пазбаўлення волі. У тым, што адбываецца з ім, ён вінаваціў пацярпелую і наважыўся на свой учынак, каб даўжэй застацца на волі.
Да справы далучылі запісы камер відэаназірання, якія зафіксавалі напад на жанчыну. Судова-медыцынская экспертыза выявіла, што пацярпелай нанесены цялесныя пашкоджанні ў выглядзе хімічнага апёку рагавіцы і кан'юнктывы вачэй, якія адносяцца да лёгкіх цялесных пашкоджанняў.
Паведамляецца, што нападнік нідзе не працуе, раней неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, крадзяжу і заведама ілжывае паведамленне аб небяспецы.
Віцябляніну выставілі абвінавачванне паводле арт. 403 (перашкода яўцы пацярпелага ў суд і дачы ім паказанняў) Крымінальнага кодэкса. Матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.