Ермошина: Отчет БДИПЧ ОБСЕ мрачный и внушает мало оптимизма

Ярмошына: Справаздача БДІПЧ АБСЕ змрочная і ўнушае мала аптымізму

Прамежкавую справаздачу з папярэднімі высновамі пра тое, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі, прадставіла 22 верасня Місія па назіранні за выбарамі ў Беларусі БДІПЧ АБСЕ. І яна не радуе беларускі Цэнтрвыбаркам. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначае даволі змрочны тон справаздачы.

Лідзія Ярмошына: “Што да справаздачы БДІПЧ АБСЕ, то, з аднаго боку, адзнака ў канцы не стаіць. Але высновы да такой ступені змрочныя і да такой ступені падазраюць, што нешта адбываецца ў глыбіні не вельмі добрае, што, канечне, унушае менш (чым справаздача назіральнікаў ад СНД — Еўрарадыё) аптымізму”.

Еўрарадыё вырашае пашукаць, што змрочнага ў прамежкавай справаздачы міжнародных назіральнікаў знайшла старшыня ЦВК. Да прыкладу, міжнародныя назіральнікі адзначаюць, што “прадстаўнікі, вылучаныя незалежнымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і палітычнымі партыямі, у бальшыні выпадкаў не былі зацверджаныя ў якасці сябраў выбарчых камісій”.

Але ж гэта праўда! Да прыкладу, з 66 941 сябра ўчастковых выбарчых камісій толькі 30 чалавек — вылучэнцы апазіцыйных партый. А з 1916 сяброў тэрытарыяльных камісій 10 — прадстаўнікі апазіцыйных партый і 4 вылучэнцы ЛДПБ.

Чытаем далей: “Адзінага спісу выбаршчыкаў не існуе, і на сённяшні дзень ЦВК не апублікавала дадзеныя аб агульнай колькасці напярэдадні зарэгістраваных выбаршчыкаў”. Глядзім сайт ЦВК — такіх звестак там сапраўды няма.

І гэта яшчэ не ўсё: “Несувымерныя прававыя абмежаванні свабодаў уплываюць на ўмовы правядзення выбарчай кампаніі. Маюць месца абмежаванні свабоды аб'яднанняў, у тым ліку звязаныя з працэсам рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Правы грамадзян альбо грамадскіх аб'яднанняў, якія жадаюць закрануць пытанні выбараў на мітынгах, застаюцца абмежаванымі. Свабода слова абмежаваная магчымасцю крымінальнага пераследу за абразу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, а таксама забаронай на заклікі і дзеянні, накіраваныя на зрыў, адмену альбо перанос тэрміну выбараў”.

Прадстаўнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч лічыць справаздачу міжнародных назіральнікаў “добрай і грунтоўнай”, а тыя заўвагі, якія яны зрабілі, — “вельмі слушнымі”. Там не менш, прамежкавыя справаздачы беларускіх і еўрапейскіх назіральнікаў за аднолькавы прамежак часу маюць адрозненні.

Уладзімер Лабковіч: “Напрыклад, мы адзначаем, што працэдура праверкі сабраных за вылучэнне кандыдатам подпісаў засталася абсалютна закрытай для назіральнікаў. І таму мы не можам сцвярджаць, прымалася юрыдычнае рашэнне да сабраных 100 тысяч подпісаў ці прымалася рашэнне палітычнае ў дачыненні да быццам бы сабраных 100 тысяч подпісаў некаторымі кандыдатамі. Таксама мы параілі калегам звярнуць увагу на агітацыйную кампанію, якая праходзіць з грубымі парушэннямі ў выпадку агітацыі за Лукашэнку, дзе мы фактычна назіраем, што дзяржаўная прапаганда стала часткай агітацыйнай кампаніі Лукашэнкі”.

Фота: Змітра Лукашука

Последние новости

Главное

Выбор редакции