Короткевич — Улаховичу: "Мы с вами не "мы" — не говорите так больше!"

Караткевіч ― Улаховічу: “Мы з вамі не “мы” ― не кажыце так больш!”

Відаць, адзіную агульную прэс-канферэнцыю ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты спрабаваў зладзіць 10 кастрычніка “Прэс-клуб Беларусь”. Зразумела, што на прысутнасць кандыдата Аляксандра Лукашэнкі ніхто не разлічваў ад пачатку, але не прыйшоў і кандыдат Сяргей Гайдукевіч. І нават сына, як на тэледэбаты, замест сябе не накіраваў.

Пазней Алег Гайдукевіч патлумачыў гэта вялікай колькасцю сустрэч менавіта ў гэты дзень у лідара ЛДРБ. І папрасіў “ніякіх падводных камянёў” ў такім “ігноры” Гайдукевічам-старэйшым журналістаў не шукаць. Ну, як кажуць, іх справа. Што да двух астатніх кандыдатаў, Таццяны Караткевіч і Мікалая Улаховіча, то яны прыйшлі не проста самі, але і ў суправаджэнні сваіх начальнікаў штабу.

Пасля кароткіх прамоў, у якіх кандыдаты не сказалі нічога новага, пайшлі пытанні. Еўрарадыё выбрала самыя цікавыя пытанні і адказы на іх кандыдатаў.

 

Пра будучае двух расійскіх ваенных аб’ектаў, якія сёння існуюць у Беларусі

 

Таццяна Караткевіч: У 2020 годзе заканчваецца тэрмін дзеяння дамовы, па якой гэтыя аб’екты маюць права знаходзіцца ў Вілейцы і Ганцавічах. І мы лічым, што дамову проста не трэба працягваць. На гэту карысць працуюць некалькі аргументаў. Найперш, аргумент эканамічны: у Расіі ўжо ёсць радыёлакацыйная станцыя пад Калінінградам, а станцыя ў нас састарэлая і дарагая ў абслугоўванні. А перадаваць сігналы падводным лодкам можна і праз спадарожнік. У нашай Канстытуцыі прапісана, што Беларусь імкнецца быць нейтральнай. Да і выгадна гэта будзе краінам усяго рэгіёна: паўсюль ідзе гонка ўзбраенняў, а мірная Беларусь будзе стабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне.

Мікалай Улаховіч: Перад вамі чалавек, які браў удзел у будаўніцтве той станцыі ў Ганцавічах. І я ведаю: новая яна там ці старая – самая сучасная на сёння! Пра пункт навядзення падлодак не ведаю – я там не працаваў. Гэта нам засталося ад Савецкага Саюза і гэта павінна працаваць. Бо такі аб’ект не адзін на тэрыторыі і кожны глядзіць за пэўным сектарам і прызначаныя для вайны, не дай Бог, з блокам NATO.

 

На які адсотак падтрымкі па выніку галасавання разлічваюць

 

Таццяна Караткевіч: Я разлічваю на двухзначную лічбу. У выпадку празрыстага падліку галасоў і датэрміновага галасавання, я ўпэўненая, быў бы другі тур. Але ў нас іншыя ўмовы і якая лічба будзе ў пратаколах – складана сказаць. Але тыя лічбы, якія пакажуць нам незалежныя даследчыкі, дазволіць нам працягваць дзейнасць.

Мікалай Улаховіч: Мяне зусім не цікавіць адсотак, які ў мяне будзе. Бо я для сябе яго даўно вызначыў. Скажу чаму: важна было, каб убачылі партыю і новых людзей – я сваю задачу выканаў. На гэтым мы не спынімся і пасля выбараў я пачну сур’ёзнае партыйнае будаўніцтва. І заўтра з нашай партыі выйдзе некалькі новых палітыкаў, яія павядуць зусім інакш размову. І я думаю, што шмат з тых незадаволеных у нашай краіне заціскам дэмакратыі стануць да гэтага ставіцца з разуменнем. Таму, я, канешне, частку электарату вазьму ад усіх. Але разумееце, любы палітык, які толькі раскручваецца на арэне, не павінны разлічваць на вялікі поспех. Сацыяльнага выбуху ў краіне няма, рэвалюцыйнага настрою – няма, таму і астатнія могуць разлічваць на невялікі адсотак.

 

Пра “расійскае” будучае Беларусі

 

Мікалай Улаховіч: Я прапанаваў свой шлях: давайце жыць, як жывуць у Расіі – грамадска-палітычная палата, партыйнае будаўніцтва. Не трэба разумнічаць! У нас ёсць праект, мадэль, пілотны праект, які мы можам ажыццяўляць у нас у краіне. Расія на стагоддзі будзе з намі – гэта трэба разумець, мы ніяк не можам парваць гэтую сувязь. У нас 1,5 мільёна рускіх. Яны хоць і маюць беларускія прозвішчы, але жывуць сем’і як рускія, думаюць як рускія. Тут не Украіна – у нас на самой справе цяга да Расіі вельмі вялікая.

Таццяна Караткевіч: Мы хочам захаваць незалежнасць Беларусі і пабудаваць збалансаваныя міжнародныя адносіны: як з Расіяй, так і з краінамі ЕС. Мы павінны правесці рэвізію тых адносінаў, дамоў і саюзаў, якія ў нас ёсць. Зрабіць так, каб гэтыя дамовы адпавядалі нашым нацыянальным інтарэсам. Галоўнае: мы павінны развівацца як незалежная краіна.

Мікалай Улаховіч: Мне цяжка сказаць, як можна захоўваць незалежнасць, знаходзячыся паміж Расіяй і Еўропай… Манеўраваць доўга не атрымаецца – прымусяць зрабіць выбар!

 

Пра Украіну

 

Мікалай Улаховіч: Я супраць вайны, ну, не вайны, а канфлікту ваеннага, які адбываецца зараз ва Украіне. І не адзін беларускі хлопец, казак ён ціне, туды не пойдзе, я нікога туды не пашлю. Хай яны там самі разбіраюцца. Нашы хлопцы там не будуць ваяваць. Асобныя тут у нас кажуць: “Пойдзем хаваць Чаркашына – ён наш нацыянальны герой”. Чый ён герой? Я яго ва Украіну не пасылаў і не паслаў бы. Там зараз 40 чалавек, стварылі атрад “Пагоня”. І хлопец з той “Пагоні” кажа: “Я прыеду сюды і буду вучыць нашых салдат ваяваць па-сапраўднаму – яны па-савецку навучаныя ваяваць”. Чалавек прыедзе ваяваць у Беларусь і прывязе вайну сюды ці канфлікт ваенны – гэта ж дрэнна. Я хачу, каб Беларусь была палітычнай пляцоўкай. Яшчэ: я лічу, што Пуціна падставілі. Той канфлікт можна было вырашыць дыпламатычных шляхам. За Крым яму вялізны дзякуй, увайшоў у гісторыю на вякі, але пытанне можна было вырашаць мірным шляхам.

Таццяна Караткевіч: Мы хвалюемся за ўкраінцаў і чакаем, калі тыя задачы, якія вы перад сабой паставілі, будуць выкананыя. Я кажу пра абнаўленне палітычнай сістэмы, вайну з карупцыяй і развіццё эканомікі. Мы чакаем вашых поспехаў – яны нам моцна дапамогуць.

 

Пра пагрозу арышту

 

Мікалай Улаховіч: Я служыў у такіх частках – ваенна-будаўнічых, дзе нават горш, чым у турме сядзець. Хто служыў, той ведае – там кожны другі сядзеў. Нехта пасядзеў пяць гадоў, а калі з тымі ўсе 25 гадоў адсядзіш? Як кажуць: “Ад сумы і турмы не заракайся”. Можна там апынуцца з іншай прычыны і не быць палітвязнем, як называюць. У ДТЗ патрапіш і апынешся ў турме. Вас цікаваць ці баюся я там апынуцца? Я жывы чалавек і я баюся ўсяго. Я баюся зараз не правільна вам адказаць, не ў той бок павесці свайго выбаршчыка. А мы з ужо адказнасць за сябе ўзялі – і Таццяна, і я, і, не ведаю, як Сяргей да гэтага ставіцца, але я лічу, што адказнасць мы на сябе ўзялі за тых людзей, якіх мы “прыручылі”. У нас у кожнага свой выбаршчык, але падманваць яго нельга.

Таццяна Караткевіч: Вы больш так, калі ласка, не кажыце: “Мы, і Таццяна, і я”. мы  з вамі не “мы”.

Пра пагрозу арышту: і я, і Андрэй Дзмітрыеў – мы ў любы момант можам быць атакаваныя проста таму, што наша арганізацыя не зарэгістраваная. Пагроза такая пастаянна вісіць над актывістамі, над прадпрымальнікамі. Мы тут усе ўжо даўно гатовыя да ўсяго. І я сёння да гэтага гатовая. Але як звычайны чалавек баюся гэтага і не хачу, каб гэта здарылася. І мне падаецца, што сёння там такія ахвяры (палітык павінен адсядзець у турме – Еўрарадыё) не патрэбныя – сёння нам у грамадстве патрэбныя адказныя, паслядоўныя, надзейныя палітыкі, якім я хачу стаць. 

Фота: Змітра Лукашука

Последние новости

Главное

Выбор редакции