В буфете на участке: У нас оппозиционные наблюдатели — внимательнее с алкоголем

У буфеце на ўчастку: У нас апазіцыйныя назіральнікі — уважлівей з алкаголем

Культурная і гастранамічная праграма на выбарчых участках прываблівае нешматлікіх. За больш чым дзве гадзіны ў сталоўку школы ў самым цэнтры Мінску зайшло некалькі дзясяткаў чалавек. За столікамі пасядзелі адзінкі. Еўрарадыё знайшло двух мужчын, якія відавочна святкуюць выбары і робяць гэта даўно. Нягледзячы на стан, выглядаюць яны інтэлігентна: добра апранутыя, разумныя вочы, ды і гутарка без лішняй лаянкі. Сядаем побач і агучваем зацікаўленасць паслухаць іх размову.

“Я табе шчыра скажу! Я галасаваў за Лукашэнку, бо не хацеў галасаваць за таго, хто прайграе, — кажа самы маўклівы суразмоўца і сыходзіць набыць танны “але такі смачны” вінаград.

Агулам размова, хутчэй, нагадвае маналог. Гаворыць мясцовы жыхар, пад’езд якога літаральна глядзіць на школу і прылягае да будынку КДБ.

“Я не КДБшнік, але ўсіх ведаю, — кажа мужчына, — Улаховіч — алкаголік, Гайдукевіч — столькі гадоў выбіраецца, і нічога, Танька… ды не ведаю, хто яна такая! Але прабачце! У такі крызісны перыяд… жанчына не здолее ўладарыць!”

Яны ўсмешліва ганарацца тым, што адбываецца ў роднай школе, а нам неяк прыкра… Бо побач, у метры ад століка з гарэлкай і трыма нецвярозымі мужчынамі спяваюць школьніцы… увесь дзень… амаль нон-стоп…

“Не, ну гэта няправільна, — падтрымліваюць суразмоўцы. — Але гэта ж клас дзявяты, а яны ж цяпер усе дарослыя. Перакананы, што самі, як скончаць тут выступаць, пойдуць і вып’юць. Але, натуральна, гэта абавязалаўка — не самае правільнае рашэнне ўлады”.

На стале з’яўляецца бутэлька гарэлкі, мужыкі прапануюць закусваць селядцом пад шубай і на ўсе прапановы заплаціць рэагуюць агрэсіўна:

“Лепш паслухайце! — кажа гаваркі. — Ну што ім перашкаджае зрабіць выбары празрыстымі? А то там недзе скрыні празрыстыя, а тут у нас — не! Што гэта такое? Грошай не хапіла? А на палацы спорту хапае? А ці шмат людзей пойдзе плаваць ды катацца на каньках у такі вялікі комплекс у невялічкім горадзе? Ён жа большы за сам горад! Чаму яны столькі грошай выдаткоўваюць на гэтае “выбарчае свята” (стварае адпаведную сарказму грымасу)? Навошта? Зрабіце адкрытае галасаванне праз інтэрнэт ці гэтыя ноўтбукі! Знайдзіце сто адказных чалавек, якія праедуць усю Беларусь з адпаведнымі прыладамі і прапануюць на месцы ўсім прагаласаваць. Гэта ж не складана і танней, чым займацца раздачай каўбасы, рабіць дзіцячыя выступы і плаціць за падлік камісіі”.

У гэты момант да нас падыходзіць мужчына, які прадстаўляецца дырэктарам крамы, што ладзіць мясцовую дэгустацыю і распродаж:

“Хлопцы! Тут у нас ёсць гэтыя… апазіцыйныя назіральнікі… так што, будзьце больш уважлівыя з ужываннем алкаголю. Я ўсё разумею, але навошта падстаўляць! Тут дзяўчаты-настаўніцы на вас скардзяцца, што вы занадта брудна заляцаецеся…”

Сапраўды! Градус у мужчын ужо павышаны, і ў любы іншы дзень за пэўныя іх словы ды дзеянні даўно ўжо выставілі б за дзверы. Каша ў іх галовах пры гэтым не перастае варыцца. Яны працягваюць перыядычна вяртацца да палітыкі і тлумачыць свой выбар на карысць Аляксандра Рыгоравіча нянавісцю і неразуменнем дзеянняў дзейснай улады. На развітанне мужчыны выпіваюць добрага сухога чырвонага віна. Ціснуць руку і прапануюць сустрэцца праз дзень з “камп'ютарам і інтэрнэтам на плошчы перад Палацам Рэспублікі”. Маўляў, “збярэмся і запытаемся праз сацсеткі хто за каго прагаласаваў. Так і праверым справядлівасць выбараў. Ну цікава ж, колькі і праўда за Рыгорыча галасуе! Я думаю, што ў выніку скажуць 73%... можа, больш… Давайце вып’ем!”.

Последние новости

Главное

Выбор редакции