10 кінапрэм'ер лістапада, якія варта ўбачыць

У лістападзе сталічных кінаманаў чакае некалькі значных кінапрэм'ер. Першая — фантастычная стужка "Інтэрстэлар" Крыстофера Нолана, аўтара "Бэтман: Пачатак" і "Цёмнага рыцара", якія ў свой час сабралі ў пракаце звыш мільярда долараў.

"Інтэрстэлар" — навукова-фантастычны фільм, які распавядае пра магчымасці вандровак у прасторава-часовых тунэлях. У фільме група даследчыкаў выкарыстоўвае такі танэль, каб абысці абмежаванні чалавека ў космасе і скарыць вялізныя адлегласці на міжзорным караблі.

Як звычайна, у Нолана, у фільме задзейнічаны моцны акцёрскі склад: у галоўных ролях — аскараносныя Мэцью Маконахі і Эн Хэтэуэй. Дарэчы, кінакрытыкі называюць "Інтэрстэлар" другой "Гравітацыяй" і адным з найбольш верагодных прэтэндэнтаў на "Оскар-2015". Праўда, ёсць два але: па-першае, Нолан не раз намінаваўся на галоўную кінапрэмію свету, толькі запаветнай статуэткі чамусьці так ніколі і не атрымаў. А, па-другое, фантастычныя фільмы вельмі рэдка бяруць "Оскара", тым больш, што ў мінулым годзе такі прэцэдэнт усё ж адбыўся і наўрад ці паўторыцца сёлета.

"Інтэрстэлар" выходзіць у шырокі пракат 6 лістапада. Яго можна будзе пабачыць у кінатэатрах Мінска.

Другая цікавая прэм'ера лістапада — дакументальны фільм-канцэрт Дэвіда Лінча "Duran Duran: па-за сцэнай". Двухгадзінная стужка прысвечаная апошняму альбому англічан "All You Need Is Now", які выйшаў яшчэ ў 2011 годзе. Гурт называе працу з аўтарам "Твін Пікса" "сюрэалістычнай марай". А сама стужка ўключае ў сябе 19 сінглаў Duran Duran з апошняй клужэлкі і хіты каманды. Здымкі фільма адбываліся ў лос-анжэлескім Mayan Theatr без светлавых эфектаў. Клубы дыму, аповеды пра прыгоды і вандроўкі, выявы жывёл, якія гледачы ўбачаць у карціне, Лінч дадаў пазней.

Фільм быў прэзентаваны аднойчы і адразу ў 300 кінатэатрах ЗША 10 верасня. У Мінску стужка пра адну з самых папулярных брытанскіх поп-каманд 80-х будзе ісці цягам трох дзён у кінатэатры "Беларусь" з 6 па 9 лістапада.

Дзяцей і аматараў анімацыі ў лістападзе чакае прэм'ера французскага мульціка "Махні крылом". Гэта гісторыя пра тое, як на важака зграі, якая вось-вось павінна адляцець зімаваць на поўдзень, нападае злы кот. Толькі Дарыюс ведае дарогу, і паспявае перадаць сакрэт маладому і недасведчанаму Гасу, які мусіць узяць на сябе ролю важака. Гаса чакаюць неверагодныя прыгоды. "Махні крылом" — гэта гісторыя пра сілу веры і школу жыцця.

Мультфільм выйдзе ў пракат 6 лістапада і будзе паказаны ва ўсіх кінатэатрах Мінска.

Кінатэатр "Беларусь" з 6 лістапада будзе круціць лёгкую французскую камедыю англічаніна Джоэла Хопкінса "Як украсці дыямент" з Пірсам Бронсанам і Эмай Томпсан.

Былая пара, якая дасягнула пенсійнага ўзросту, выходзіць на сцежку вайны з бізнэсоўцам Вінцэнтам, які купляе кампанію пенсійнага фонду, дзе працуе герой Бронсана, а грошы пенсіянераў выкідвае на вецер. Пара вырашае любымі шляхамі вярнуць свае грошы, якія становяцца дыяментам на шыі абранніцы Вінцэнта. У выніку героі не толькі вяртаюць скрадзенае, але і адно аднаго.

Трэцяя цікавая прэм'ера, якая мусіла стартаваць у лістападзе, "Левіяфан" Андрэя Звягінцава. Стужка ўжо атрымала прыз за лепшы сцэнарый на Канскім кінафестывалі, а ў лютым будзе прадстаўленая на "Оскары", дзе пазмагаецца за статус "Лепшага фільма на замежнай мове". Праўда, 15 кастрычніка пракатчыкі фільма аб'явілі, што пачатак праката перанесены на люты, час, калі пачнецца так званы сезон узнагарод.

"Левіяфан" — гэта экранізацыя гісторыі біблейскага персанажа Іова, перанесеная ва ўмовы сучаснай Расіі. Галоўны герой Мікола жыве на беразе Баранцава мора, куды часам заплываюць кіты. Мэр горада спрабуе канфіскаваць дом, аўтамайстэрню і землі Міколы. Ён звяртаецца да свайго старога армейскага сябра, цяпер адваката, які прапаноўвае знайсці кампрамат на мэра і такім чынам выратавацца.

У галоўных ролях — Аляксей Серабракоў і Алена Лядава. Карціна “Левіяфан” выйдзе ў пракат 13 лістапада.

Чацвёртая прэм'ера, якая зацікавіла Еўрарадыё, — фільм "20000 дзён на Зямлі". Ён уяўляе сабой біяграфію музыкі Ніка Кейва, знятую ў манеры пастановачнай дакументалістыкі. Разам з мастакамі Іенам Фарсайтам і Джэйн Полард спявак інсцэнуе свой дваццацітысячны дзень на зямлі, імправізуючы на розныя тэмы ўнутры выдуманага сцэнарыя. У фільме музыка распавядае пра дзяцінства, першы сэкс, нарказалежнасць, сустракаецца з Кайлі Міноўг ды разважае пра творчасць. Кіно, як і ўсё, што робіць Кейв, некалькі прэтэнцыёзнае, але прыгожае. Міф у ім важнейшы за факты.

Фільм будзе дэманстравацца ў кінатэатры "Ракета" з 13 лістапада.

Аматары камедыі могуць пасмяяцца на праглядзе расійскай стужкі "Дзень дурня" з Аляксандрам Лыкавым у галоўнай ролі. Ванька працуе швейцарам у шыкоўным гатэлі і жыве ў машыне, якую набыў у крэдыт. А з кватэры яго выгналі гаспадары за несвоечасовую выплату грошай. Былы гаспадар усё ж спрабуе вытрасці з Ванькі свае грошы і пачынаецца хітрая заварушка. У выніку розных прыгодаў хлопца чакае ці каралеўскі прыём і хабар у выглядзе рукі і сэрца дачкі мэра ці выкрыццё.

"Дзень дурня” можна паглядзець у кінатэатрах з 13 лістапада.

З 20-га лістапада кінатэатр "Перамога" будзе паказваць нарвежска-шведскі камедыйны трылер "Дурная справа не хітрая".

Гэта гісторыя працалюбівага Нілса, які шчыруе на снегаачышчальнай машыне і сваёй руплівасцю заслужыў нават званне жыхара горада. Аднойчы яму паведамляюць, што яго сын памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў. Нілс вырашае сам правесці расследаванне гэтай справы і ў выніку становіцца таямнічым героем, якога баяцца аўтарытэты злачыннага свету.

Працяг фільмаў “Галодныя гульні” і “Галодныя гульні: І ўспыхне полымя”, "Галодныя гульні: Сойка-перасмешніца, частка 1" з Джэніфер Лоўрэнс у галоўнай ролі, пакажуць і сталічных кінатэатрах з 20 лістапада. Тады ж адбудзецца і сусветная прэм’ера фільма.

Кітніс выжыла, хоць дом яе разбураны. Яе сям'я — у адноснай бяспецы. Але Піт выкрадзены ўладамі Капітолія, і лёс яго невядомы. Тады таямнічы Трынаццаты Дыстрыкт выходзіць з ценю, у якім хаваўся доўгія гады. Пачынаецца вайна. Кітніс у гэтай вайне — сімвал супраціву. І калі яна не хоча апынуцца пешкай у чужой вялікай гульні, калі хоча, каб жыццё яе каханага не прынеслі ў ахвяру чужым інтарэсам, ёй давядзецца стаць мацнейшай. Мацнейшай, чым на арэне галодных гульняў.

Другая частка франшызы, знятая па кнізе С’юзэн Колінз “Сойка-перасмешніца” рэжысёрам Фрэнсісам Лоўрэнсам, выйдзе праз год.

З 27 лістапада ў кінатэатрах Мінска будуць круціць амерыканскую крымінальную камедыю “Невыносныя босы”. Крытыкі называюць фільм “асарці добрага гумару на любы густ”. А касавыя зборы стужкі ўжо дасягнулі амаль 210 мільёнаў долараў! І ва ўсім вінаватая Джэніфер Эністан, якая раптам (!) грае ролю распуснай і вульгарнай німфаманкі. Апроч Эністан, у кіно засвяціліся не менш зорныя Колін Фарэл і Кэвін Спэйсі.

Камедыя распавядае пра трох блізкіх сяброў, якіх настолькі дасталі іх босы-тыраны, што яны вырашаюць іх забіць, каб тыя больш нікому не сапсавалі жыццё. Тры лузеры падыходзяць да справы вельмі рашуча, але ім свеціць адна няўдача.

Паводле інфармацыі беларускага кінавідэапраката, а таксама вікіпедыі і сайта www.kinopoisk.ru

Фота: filmguide.sundance.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі