#FramedinBelarus. Як сотні людзей па ўсім свеце вышываюць гісторыі палітвязняў Беларусі

Беларуская мастачка Руфіна Базлова

Беларуская мастачка Руфіна Базлова / Euroradio

— З аднаго боку, вышыванка — гэта пра дом, цяпло, прыемныя тактыльныя адчуванні ад дотыку да тканіны. З другога, не трэба забывацца, што іголка, якой вышываеш, — гэта, увогуле, таксама халодная зброя, — распавядае Еўрарадыё Руфіна Базлава.

Вышыванкі і схемы, створаныя беларускай мастачкай, вядомыя ў многіх краінах свету. Кашулю з прыдуманым ёю сюжэтам носіць Уладзімір Зяленскі. Пра працы Руфіны пішуць замежныя медыя, іх публікуюць у розных еўрапейскіх каталогах. Можна бясконца пералічваць разнастайныя выставы і воркшопы, у якіх брала ўдзел наша суразмоўніца. Але самае галоўнае — усе яе праекты, ад першага да апошняга шыўка, прасякнуты любоўю да Беларусі і беларусаў.

У 2021 годзе Руфіна замахнулася на праект #FramedinBelarus, прысвечаны кожнаму палітычнаму зняволенаму. Тады мастачка паставіла перад сабой амаль невыканальную задачу — стварыць вышыты “партрэт” кожнага чалавека, прызнанага палітвязнем у нашай краіне, і аб’яднаць гэтыя працы намаганнямі сотняў удзельнікаў з усяго свету ў адно вялікае палатно, а пасля дзесьці яго выставіць.

Праз пяць гадоў убачыць, у што вырасла гэтая задума, можна на Matter of Art у Празе.

Напярэдадні адкрыцця мы завіталі ў госці да мастачкі, каб пагаварыць пра яе творчасць і даведацца, як ішла праца над праектам і з чаго ўсё пачалося.

#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
Цягнік-начнік ад «Хутка Смачна», выкананы ў калабарацыі з Руфінай Базлавай.
На стале — вышыўка гісторыі палітвязня Вітольда Ашурка, які памёр у турме / Euroradio

“Я ніякі не палітычны дысідэнт”

Першае, на што звяртаеш увагу, калі адкрываеш дзверы ў невялікую светлую майстэрню ў Празе, дзе працуе Руфіна, — гэта стэрыльная чысціня. Стэлаж з папкамі, шафа, дзе мастачка захоўвае сотні акуратна складзеных вышывак, стол, за якім мы і пачынаем нашу размову.

— Я пераехала ў Чэхію ў 2008 годзе на вучобу. Спачатку — у Пльзень. Там я вывучылася на ілюстратара, а па другой спецыяльнасці — на скульптара. Там жа скончыла магістратуру. Нейкі час працавала рэстаўратарам на мясцовых аб’ектах, але потым паступіла ў Пражскую тэатральную акадэмію. Тут вывучылася на сцэнографа-лялечніка. Калі казаць дакладней — кафедра альтэрнатыўнага і лялечнага тэатра.

Таму, калі што, я ніякі не палітычны дысідэнт. Проста з’ехала вучыцца на Захад без думкі вяртацца назад. Я максімальна хацела асімілявацца, добра вывучыла мову. Планаў вяртацца ў Беларусь не было. Але, як кажуць, ад культуры, якая ўжо ёсць у табе, не ўцячэш. Яе немагчыма ў сабе задушыць.

#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
Шафа, дзе мастачка захоўвае свае вышыўкі / Euroradio

Здымаючы з вешалкі льняную сукенку, пра якую пойдзе гаворка ніжэй, Руфіна просіць не рамантызаваць ні яе саму, ні вышыўку.

— Не было такога, што вышыўка ў мяне ў крыві і я не магу без яе жыць: памру — толькі дайце мне іголку! Я, увогуле, сама амаль не вышываю. Мая праца — гэта графіка.

Праца з традыцыяй, арнаментам і вышыўкай — гэта абсалютна канцэптуальны падыход. Мяне натхніла ідэя, што народны арнамент кансервуе ў сабе гісторыі, і праз яго можна распавядаць пра сучасныя падзеі — па сутнасці, кадзіраваць іх праз “нацыянальны код”.


Ад “Жанакола” да “ВыЖыванкі”

Першую сваю працу, напісаную нацыянальным кодам, Руфіна выканала яшчэ ў 2012 годзе і назвала яе “Жанакол”. Атрымаўся вышыты на падоле сукенкі комікс, які складаўся з серыі піктаграм. У ім мастачка зашыфравала міф пра нараджэнне жанчыны.

— Можна сказаць, што гэта гісторыя пра фемінізм у народных традыцыях. Мая асноўная ідэя заключалася ў тым, каб распавесці яе даступным спосабам — праз арнамент.

#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
#FramedinBelarus. Вышыўка гісторыі палітвязня Аляксандра Францкевіча / Euroradio
#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у кашулі з вышыўкай па схеме Руфіны Базловай / focus.ua
#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
#FramedinBelarus. Вышыўкі гісторый былых палітвязняў Віктара Бабарыкі і Паўла Севярынца / framedinbelarus.net

Задумвалася, ці этычна гэта?

— Пачынаючы працу над гэтым праектам, я вельмі сумнявалася, наколькі этычна распавядаць пра палітвязняў без іх згоды, — успамінае мастачка. — Тады я напісала ліст аднаму з іх, і ён мне адказаў.

З ліста стала зразумела, наколькі людзям у турме важная салідарнасць на волі. Ім вельмі важна, што пра іх гавораць, што пра іх памятаюць і спрабуюць нешта рабіць.

Актыўная праца над праектам пачалася восенню 2021 года. Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, з 2020 года па палітычных матывах свабоды было пазбаўлена больш за 4,5 тысячы грамадзян.

— Мне ўжо сто разоў хацелася ўсё кінуць, але я не магу, бо гэта ўжо вельмі вялікая адказнасць, — кажа Руфіна, паказваючы 686-ю вышыўку, якую даслала беларуска з Варшавы.

#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
#FramedinBelarus. Вышыўкі гісторый Дзмітрыя Карабана і Дзмітрыя Іванова / framedinbelarus.net
#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
#FramedinBelarus. Вышыўкі гісторый Аляксандра Храпко і Аляксандра Івуліна / framedinbelarus.net

Неверагодны фідбэк 

Калі гаварыць пра ўдзельнікаў, то сёння да працы над праектам далучыліся вышывальшчыкі і вышывальшчыцы з 41 краіны свету.

Самыя актыўныя — з Польшчы, Літвы, Чэхіі, Германіі, Амерыкі, Нідэрландаў. Таксама ёсць удзельнікі з Карэі, Новай Зеландыі, Японіі, Канады, Аргенціны, Аўстраліі, Казахстана, Расіі, Украіны, Нарвегіі і іншых краін.

Яны часта пішуць Руфіне пра тое, як працуюць над вышыўкамі. Былі выпадкі, калі людзі вышывалі ў метро, і пасажыры пыталіся, што яны робяць, а пасля расказвалі пра гэта ў сваіх сацсетках.

Так гэты праект увесь час дыхаў і жыў усе гэтыя гады.

— Дарэчы, ён дапамагае і самім удзельнікам — і беларусам, і замежнікам, — працягвае сваю гісторыю суразмоўніца. — Гэта, напэўна, самае частае, што мне пішуць. Камусьці вышыўка дапамагла справіцца асабіста з нейкім складаным псіхалагічным станам. З аднаго боку, тэхніка амаль медытатыўная, ты канцэнтруешся, з другога — разумееш, што гэта сетка, кам’юніці людзей, якія працуюць над адной агульнай справай.

Такім чынам, наш праект — гэта не толькі пра палітычных зняволеных у Беларусі, але і пра гісторыі саміх удзельнікаў.

Напрыклад, у нас ёсць удзельніца з Канады. Яна этнічная беларуска, яе бабуля жыве ў Беларусі. Яны доўга не бачыліся праз пандэмію, а потым — праз пратэсты. Гэты разрыў перажываўся вельмі балюча.

Гэтая дзяўчына даведалася пра наш праект і праз яго нібыта злучылася са сваім родам, калі можна так сказаць. Яна ўзяла навалачку, якую ў 1967 годзе вышывала яе бабуля, і на гэтай навалачцы вышыла гісторыю Уладзіміра Кнігі са справы Сяргея Ціханоўскага. Такім чынам праз вышыўку і тканіну яна матэрыяльна злучылася з Беларуссю…

Шмат людзей піша пра тактыльнасць, пра тэкстыль. Пра тое, што сама тэхніка выклікае цеплыню і адчуванне дома.

— Дарэчы, яшчэ адна ўдзельніца — мексіканка, якая жыве ў Амерыцы, а ў Мексіцы ніколі не была — праз вышыўку крыжыкам палітвязняў Беларусі адчувае сувязь са сваёй радзімай. Кажа, што менавіта дзякуючы гэтай тактыльнасці, тэхніцы вышывання і падобнай гісторыі барацьбы за свае правы. Яна таксама сядзела. У ЗША. За пратэсты і абарону правоў несправядліва затрыманых мексіканскіх імігрантаў. У свеце ўсё падобна…

Іншая ўдзельніца пісала, што падчас працы адчувае нешта хатняе і цёплае, уяўляючы сабе плед, якім хочацца накрыць палітвязняў і абняць іх.

#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
#FramedinBelarus. Вышыўкі гісторый Алега Малчанава і Алены Тонкачовай. / framedinbelarus.net
#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
#FramedinBelarus. Вышыўкі гісторый Андрэя Кузнечыка і Андрэя Аляксандрава / framedinbelarus.net

Ёсць розныя каментарыі. Я бачу, што людзі фрустраваныя, яны не ведаюць, чым дапамагчы, і спадзяюцца, што хаця б унёсак праз вышыўку можа нешта змяніць.

Часта вышываюць і родныя палітвязняў. Звычайна гэта вельмі цяжкія, душашчыпальныя гісторыі.

Дарэчы, часам удзельнікі крэатывяць.

Напрыклад, неяк да мяне прыйшла вышыўка, у якой амапавец быў праколаты іголкай.

Увогуле, калі адны ўдзельніцы кажуць пра тое, што праца над вышыўкамі ў нашым праекце — гэта нешта мяккае, тактыльнае, увогуле бяскрыўднае, то ёсць і тыя, хто пісаў, што праколваюць іголкай тканіну, выпускаючы ўсю назапашаную агрэсію.

Тканіна прамаўчыць, а чалавеку становіцца лягчэй.

#FramedinBelarus. Как сотни людей по всему миру вышивают истории политзаключённых Беларуси
#FramedinBelarus. Вышыўка гісторый Віталя Рогача і Таццяны Батуры / Euroradio

“Пасламі” праекта сталі 700 чалавек па ўсім свеце

Сёння ў калекцыі Руфіны Базлавай ужо 686 вышывак, створаных удзельніцамі і ўдзельнікамі праекта #FramedinBelarus. Ужо больш за 700 чалавек па ўсім свеце сталі “пасламі” праекта, вышываючы партрэты палітычных зняволеных індывідуальна або ў групах.

Упершыню амаль увесь архіў праекта можна ўбачыць сабраным у адным месцы. Маштабная тэкстыльная інсталяцыя прадстаўлена на міжнароднай біенале Matter of Art у Празе і будзе даступная для наведвальнікаў да 13 верасня. У Нацыянальнай галерэі экспануецца 681 праца, яшчэ тры вышыўкі знаходзяцца на іншай выставе ў Нарвегіі.

Нядаўна каманда #FramedinBelarus запусціла анлайн-галерэю, дзе паступова будуць апублікаваны ўсе вышыўкі разам з гісторыямі палітвязняў, якім яны прысвечаны, каментарыямі ўдзельнікаў праекта і фатаграфіямі працэсу стварэння работ. Па кожнай вышыўцы таксама сабрана інфармацыя пра выставы, на якіх яна экспанавалася, а па спасылках можна перайсці да фотарэпартажаў з гэтых падзей. Акрамя таго, у раздзеле “Падзеі” публікуецца інфармацыя пра выставы і воркшопы праекта.

Цяпер у лічбавым архіве ўжо даступна больш за 380 работ. Так што ўбачыць, у што за пяць гадоў вырасла ідэя Руфіны Базлавай, сёння можна не толькі ў выставачнай прасторы, але і з любой кропкі свету.

Сама Руфіна прызнаецца, што сёння праект увайшоў у новую фазу. Актыўная праца над #FramedinBelarus прыпынена: новых схем мастачка больш не стварае. Замест гэтага яна засяродзілася на архіве і захаванні сабраных за гэтыя гады гісторый.

Цяпер Руфіна запісвае кароткія інтэрв’ю з былымі палітвязнямі, якім прысвечаны вышыўкі, каб дапоўніць праект іх уласнымі ўспамінамі і ўражаннямі.

А ў наступным годзе мастачка плануе пачаць працу над кнігай, якая аб’яднае досвед удзельнікаў, гісторыі палітвязняў і шлях, які за пяць гадоў прайшоў праект #FramedinBelarus.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.