Беларусам на маркетплэйсах не паказваюць тавары катэгорыі "18+"

Вось што бачаць беларусы замест карцінак тавараў "18+"

Вось што бачаць беларусы замест карцінак тавараў "18+" / threads.com/@ezhevichnaya.zima

Падчас шопінгу на маркетплэйсах беларусам немагчыма разгледзець тавары катэгорыі "18+". На гэтую праблему паскардзіліся карыстальнікі сацсеткі Threads, заўважыла выданне "Моцныя Навіны".

Пры праглядзе раздзела тавараў для дарослых замест карцінак на буйных замежных маркетплэйсах можна пабачыць ці заблюраную выяву, ці папярэджанне, што выява недасяжная ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам.

Праўда, у каментарах беларусы пішуць, што некаторым удаецца азнаёміцца з выглядам прадукцыі перад купляй. Як выявілі "Моцныя Навіны", ад пакупнікоў не схавалі асобныя катэгорыі тавараў — напрыклад, лубрыканты. А вось выявы жаночай бялізны ці вібратараў паглядзець не ўдасца.

Некаторыя з пакупнікоў дзеляцца лайфхакам: калі ўказаць пункт выдачы заказаў не на тэрыторыі Беларусі, то тавар можна разгледзець.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.