Амбасадар Беларусі ў Расіі скардзіцца на праблемы з продажамі нашых тавараў
Юрый Селіверстаў / БЕЛТА
У гандлі з Расіяй ёсць праблемы, а некаторыя расійскія праекты проста перашкаджаюць прасоўваць беларускую прадукцыю на рынку РФ. Пра гэта заявіў амбасадар Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў.
Напрыклад, беларускія заводы не могуць удзельнічаць у расійскіх праграмах імпартазамяшчэння, бо там патрабуецца пэўны ўзровень лакалізацыі вытворчасцяў. Пацярпеў ад гэтага, напрыклад, завод "БелДжы", які выпускае аўтамабілі — яму перакрылі выхад на расійскі рынак таксі.
"Увядзенне патрабаванняў да аўтамабіляў для таксаматорных перавозак з сакавіка бягучага года фактычна адрэзала беларускі завод "БелДжы" ад гэтага важнага сегмента рынку. Прымаюцца і іншыя меры, накіраваныя на так званае абяленне эканомікі, якія, з аднаго боку, абараняюць наш рынак ад нядобрасумленнай канкурэнцыі з трэціх краін, аднак з другога — ствараюць перашкоды для беларускіх экспарцёраў", — перадае БЕЛТА нараканні дыпламата.
Таксама Селіверстаў паскардзіўся, што ў Расіі запускаюць шэраг буйных праектаў, аналагічных беларускім: "Ствараюцца сумнеўныя вытворчасці з нізкай лакалізацыяй, якія з'яўляюцца, па сутнасці, утоенымі каналамі імпарту з трэціх краін. У сувязі з гэтым неабходна накіраваць нашы сумесныя намаганні ў першую чаргу на развіццё і мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў — вытворцаў той прадукцыі, аб'ёмаў якой недастаткова ў Саюзнай дзяржаве, а не на стварэнне новых дублюючых, а часта залішніх вытворчасцяў".