Арышт на могілках і вернікі ў закладніках — падрабязнасці зняволення ксяндза Акалатовіча

Ксёндз Генрых Акалатовіч

Ксёндз Генрых Акалатовіч / katolik.life

Сталі вядомыя падрабязнасці арышту ксяндза-палітвязня Генрыха Акалатовіча. У Беларусі яго асудзілі на 11 гадоў па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, а потым па памілаванні Лукашэнкі перадалі ў Ватыкан. Падрабязнасці яго справы даведалася "Хрысціянская візія".

Акалатовіча затрымалі на могілках, куды запрасілі падманам — нібыта на пахаванне памерлай жанчыны. Прыехаўшы на могілкі, ксёндз пабачыў некалькі бусікаў і людзей у плашчах. Паведамляецца, што пры затрыманні святару начапілі кайданкі, а на галаву надзелі чорны шлем, каб ніхто не бачыў, каго і куды вязуць.

Адначасова з Акалатовічам былі затрыманыя двое яго парафіян — мужчына і жанчына. Іх пратрымалі ў СІЗА КДБ каля дзевяці месяцаў, патрабуючы даць паказанні, быццам ксёндз сустракаўся з замежнымі дыпламатамі. Пры гэтым на самога Акалатовіча следства ціснула так: "Калі б вы любілі сваю паству, вы б падпісалі прызнаўчыя паказанні. А так яны праз вас сядзяць".

Таксама "Хрысціянская візія" даведалася, у чым канкрэтна вінавацілі Акалатовіча. Нібыта ксёндз нейкім чынам перанакіраваў самалёты расійскіх і беларускіх ВПС у процілеглы бок і тым самым нанёс шкоду не толькі Беларусі і Расіі — у сукупнасці на мільён еўра. Пры затрыманні ў яго забралі парафіяльныя грошы — каля 270 тысяч еўра, іх залічылі ў кошт доўгу.

Следчы, падпалкоўнік Аляксандр Казееў, як паведамляецца, выхваляўся: "Мы б на самога Ісуса Хрыста за паўгадзіны справу завялі".

Ад Акалатовіча патрабавалі, каб ён падкінуў Апостальскаму нунцыю Ватыкана Антэ Ёзічу флэшку з кампраматам — каб дыскрэдытаваць дыпламата. Ксёндз адмовіўся — і атрымаў прысуд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.