У Мінсувязі сказалі, ці вернуцца тарыфы з безлімітным мабільным інтэрнэтам
Інтэрнэт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Мінсувязі заяўляюць, што тарыфы з безлімітным мабільным інтэрнэтам у Беларусі працягваюць дзейнічаць.
"Яны і цяпер не адмененыя. У адпаведнасці з пастановай Мінсувязі №38 ад 22 снежня 2025 года на безлімітных тарыфных планах ёсць 30 ГБ на неабмежаванай хуткасці. Далей абмяжоўваецца толькі хуткасць, але не аб'ём трафіку", — пракаментаваў сітуацыю першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Павел Ткач.
Увядзенне абмежаванняў чыноўнік патлумачыў тым, што пры абсалютным безліміце быў дысбаланс нагрузкі на сетку. Маўляў, па вечарах людзі актыўна пачыналі глядзець сацсеткі — і "адбывалася не зусім мэтавае выкарыстанне сотавай сувязі".
"Таму што былі такія выпадкі ў практыцы, калі чалавек купляе адну сім-карту і пачынае раздаваць інтэрнэт для ўсіх пяцярых членаў сям'і і на тры вялікія тэлевізары. Відавочна, што пры гэтым церпяць іншыя карыстальнікі інтэрнэту. Мы першапачаткова не праектавалі сеткі сотавай сувязі для прагляду 4K-кантэнту адразу на трох прыладах. Таму такія абмежаванні — гэта элемент нейкага стрымлівання", — кажа Павел Ткач.
Ён станоўча ацэньвае наступствы уведзеных абмежаванняў: "Мы бачым, што сеткі перасталі, умоўна кажучы, працаваць на знос, таму што ўсё ж такі людзі сталі спажываць разумней, менш. Таму пэўны дысбаланс трафіку сышоў".
Рашэннем Мінсувязі ад 23 лютага 2026 года высокая хуткасць мабільнага інтэрнэту даступная толькі на першыя 30 ГБ у месяц. Далей карыстальнік павінен ці даплаціць, ці мірыцца з хуткасцю да 1 Мбіт/сек.