Ці павінны беларусы цяпер паведамляць у банк пра паездкі за мяжу — адказалі эксперты

Турыст, ілюстрацыйнае фота

Турыст, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Ад 1 ліпеня анлайн-банкінг і доступ да мабільных дадаткаў банка будзе даступны толькі пры ўключанай геалакацыі. Ці трэба будзе паведамляць у банк пра сваю паездку за мяжу, каб не застацца без доступу да сваіх грошай? Пра гэта выданне Office Life спытала ў спецыялістаў.

У БНБ-банку патлумачылі, што геалакацыя важны, але не адзіны параметр лічбавага адбітку прылады. Таксама фіксуюцца вытворца і мадэль гаджэта, яго ўнікальны ідэнтыфікатар, назва і версія аперацыйнай сістэмы, шырыня і вышыня экрана, унікальны нумар SIM-карты ды іншыя параметры. Доступ да анлайн-дадатку абмяжуюць, толькі калі сумарны каэфіцыент наблізіцца да памежных значэнняў.

Перад паездкай за мяжу, кажуць спецыялісты, банк папярэджваць не трэба. А абмежаванне можна зняць, затэлефанаваўшы ў банк.

Таксама банкаўскія работнікі запэўніваюць, што не перашкодзіць выкарыстанне VPN. "Сістэма ўбачыць, што астатнія 19+ параметраў супадаюць з эталонам, і спакойна прапусціць вас", — кажуць у Альфа Банку.

Аднак у Прыёрбанку кліентаў папярэдзілі, што выкарыстанне VPN, проксі-сервераў і сэрвісаў падмены геалакацыі разглядаецца як фактар павышанай рызыкі. У некаторых сітуацыях аперацыі могуць быць адхіленыя ці ўвогуле заблакуюць доступ да лічбавых сэрвісаў. Таму падчас выкарыстання мабільнага ці інтэрнэт-банкінгу іх раяць адключыць.

Эксперты звяртаюць увагу, што пры замене пашпарта трэба абавязкова паведамляць у банк. Але перазаключаць дамову пры гэтым не спатрэбіцца. Не лішнім будзе паведаміць у банк пра новы адрас ці нумар тэлефона, на які банк дасылае апавяшчэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.