У Прэзідэнцкага спартовага клуба знайшлі базу адпачынку ў Раўбічах
База адпачынку "Вячоркі" / relax.by
Прэзідэнцкі спартыўны клуб (ПСК), які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка, валодае базай адпачынку "Вячоркі" ў Раўбічах. Гэта высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро"
Праца базы знаходзіцца пад кантролем фірмы "Фанспорт", якая належыць ПСК. Дырэктарам "Фанспорта" з'яўляецца Юрый Чахоўскі. Ён былы вайсковец в/ч 01549 — пад гэтай абрэвіятурай хаваецца Служба бяспекі Лукашэнкі. У 2004-м Чахоўскі быў узнагароджаны медалёмь "За бездакорную службу" І ступені, які выдаецца за 20 гадоў самаахвярнай і безупыннай службы.
На балансе "Фанспорта" база адпачынку з'явілася ў канцы жніўня 2016 года. Гасцям "Вячорак" прапаноўваюць арэнду чатырох дамкоў адпачынку ўмяшчальнасцю ад 4 да 6 чалавек (ад 340 да 640 рублёў за ноч) і асобныя нумары для дваіх (155 рублёў за ноч).
Таксама на тэрыторыі комплексу ёсць руская лазня (ад 108 да 200 рублёў за гадзіну), саўна (ад 99 да 175 рублёў за гадзіну) і аквазона з басейнам і джакузі (80 рублёў за гадзіну). Ёсць на тэрыторыі "Вячорак" і спартовая пляцоўка для гульні ў футбол і валейбол.
Праўда, вялікіх грошай база адпачынку ў Раўбічах не прыносіць. Выручка "Вячорак" за 2024 год склала 206 тысяч рублёў, а страты — 142 тысячы рублёў. У 2025 годзе сітуацыя выглядала нават горш: 225 тысяч рублёў выручкі супраць стратаў у 411 тысяч рублёў.