Сталічны чыноўнік прапанаваў жыхарам сафінансаваць рамонт дзіцячых пляцовак
Грошай зусім няма? / LookByMedia
Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Раман Мельнік заявіў, што бюджэтнага фінансавання недастаткова для ўтрымання дзіцячых гульнявых пляцовак, і прапанаваў жыхарам удзельнічаць у іх абнаўленні за свой кошт.
Па словах Мельніка, у раёне штогод з пачатку вясны праводзіцца абследаванне гульнявога абсталявання, яго рамонт і фарбаванне. Пры гэтым, як адзначыў чыноўнік, частка абсталявання выходзіць з ладу раней тэрміну не праз натуральны ізнос, а праз выкарыстанне не па прызначэнні.
"Калі арэлі разлічаны на дзяцей 3–6 гадоў, а на іх гойдаюцца 12-гадовыя падлеткі, яны, вядома, ламаюцца. Гэта патрабуе рэагавання і кантролю", — растлумачыў Мельнік.
Кіраўнік раёна паведаміў, што камунальныя службы аператыўна рэагуюць на звароты жыхароў па рамонце абсталявання, аднак прапанаваў жыхарам дамоў з вялікай колькасцю дзяцей укладваць у гэта ўласныя сродкі.
"Мы зрабілі нейкую частку, узялі на сябе, адказваем за гэта абсталяванне. Але звяртаюся да жыхароў: укладзіцеся і вы хоць крышачку. Мы дапаможам людзьмі, усталёўкай, іншымі работамі", — сказаў ён.