Падлетка, цяжка пацярпелага пры атацы пад Бранскам, перавялі з рэанімацыі ў хірургію
РНПЦ дзіцячай хірургіі / sb.by
Усе дзеці, пацярпелыя ў Бранскай вобласці, працягваюць лячэнне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры (РНПЦ) дзіцячай хірургіі. Іх стан ацэньваецца як стабільны, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
Падлетка, праапераванага 19 чэрвеня, перавялі з рэанімацыі ў аддзяленне хірургіі, яго стан стабільны.
У Мінздароўя кажуць, што бацькам далі магчымасць знаходзіцца разам з усімі дзецьмі.
Дарослы пацыент знаходзіцца ў 432-м галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры. Яго стан таксама стабільны.
Як паведамлялася раней, зранку 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці Расіі аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Рэчыцы быў атакаваны дронам. У ім ехалі 43 пасажыры. Траўмы атрымалі шэсць чалавек (двое — цяжкія), загінула жанчына — жонка трэнера.
СК Расіі абвінаваціў ва ўдары ўкраінскіх вайскоўцаў. Ва ўкраінскім Генштабе заявілі, што ў згаданы перыяд не ўжывалі беспілотнікі для ўдару па цэлях у Бранскай вобласці.