Відэа з выбачэннямі: як Азербайджан пераняў практыку беларускіх сілавікоў

Ілюстрацыя да тэмы пакаянных відэа

Ілюстрацыя да тэмы пакаянных відэа / MEYDAN.TV

Спачатку чалавек скардзіцца ў сацыяльных сеткахна якасць домадзеянні чыноўнікаўнесправядлівасць або карупцыюВідэа разыходзіцца па інтэрнэцеа ўжо праз дзень ці некалькі дзён зяўляецца іншы роліктой жа чалавек афіцыйным тонам кажашто не меў рацыіні да каго не мае прэтэнзій і шкадуе пра сказанаеДумаецегаворка пра Беларусь?

Гаворка пра АзербайджанТакія відэа з прабачэннямі ў гэтай краіне таксама сталі часткай грамадска-палітычнай рэальнасціЯны рэдка выглядаюць якдобраахвотнае тлумачэнне — хутчэй якдэманстрацыя ўлады іпапярэджанне для астатніхПрычым пад удар трапляюць не толькі палітыкіактывісты або журналістыале і звычайныя грамадзяне.

Meydan TV разбіраўсяяк працуюць відэа з прабачэннямі і чаму іх мішэнню можа стаць практычна кожны.

Скарга, а потым прабачэнні

Адзін з апошніх такіх выпадкаў адбыўся з жыхаром Джэбраільскага раёна. Гэтая тэрыторыя вярнулася пад кантроль Азербайджана пасля другой Карабахскай вайны 2020 года. Пасля гэтага ўлады пачалі праграму аднаўлення вызваленых тэрыторый і вяртання туды былых вымушаных перасяленцаў.

У рамках гэтага працэсу мужчына атрымаў новае жыллё. Аднак пасля перасялення ён запісаў відэа, дзе паскардзіўся на якасць дома. Ужо на наступны дзень у сетцы з’явілася іншае відэа — у ім ён заяўляў, што ні да каго не мае прэтэнзій і шкадуе пра свой учынак.

Падобны эпізод адбыўся ў 2022 годзе. Тады кіроўцы грузавікоў перакрылі дарогу на праспекце Гейдара Аліева ў знак пратэсту супраць Дзяржаўнага агенцтва аўтамабільнага транспарту. На сваіх грузавіках яны напісалі, што іх тавар сапсаваўся, а самі яны апынуліся на мяжы банкруцтва. Ужо на наступны дзень былі апублікаваны іх відэа з прабачэннямі. Пасля акцыі абодвум кіроўцам прызначылі па 30 сутак арышту.

У тым жа годзе з’явілася відэа з прабачэннямі Санана Ахмедава — брата Сабухі Ахмедава, які загінуў у баях у Карабаху. Раней Санан Ахмедаў заявіў, што ад яго брата нібыта ўзялі хабар у памеры 6 тысяч манатаў за прыём у брыгаду камандас. Праз некалькі дзён пасля гэтай заявы ён з’явіўся ў роліку, дзе ўжо прасіў прабачэння.

Навошта патрэбныя відэа з прабачэннямі?

Юрыст Эмін Абасаў кажа, што азербайджанскае заканадаўства не прадугледжвае абавязку чалавека прыносіць прабачэнні ў прымусовым парадку. Наадварот, паводле яго слоў, менавіта праваахоўныя і судовыя органы абавязаны абараняць грамадзян ад такога абыходжання.

Дзяржава выкарыстоўвае відэа з прабачэннямі для таго, каб зняважыць людзей, падарваць іх рэпутацыю і давер да іх, пакараць іх праз пагрозы і ціск. Гэта таксама пасланне іншым: не паўтарайце паводзіны, якія дзяржава лічыць непрымальнымі”, — кажа Абасаў.

У гэтым сэнсе такія ролікі працуюць не толькі як індывідуальнае пакаранне. Іх публічнасць ператварае прыватны выпадак у папярэджанне для ўсяго грамадства. Чалавек, які яшчэ ўчора казаў пра праблему, на наступны дзень аказваецца перад камерай ужо ў іншым статусе — чалавека, які раскаяўся, зламаўся або вымушана адмовіўся ад уласных слоў.

Ад прызнанняў пад катаваннямі да відэа для сацсетак

Гістарычна прызнанне лічылася адным з галоўных доказаў віны. Людзей нярэдка прымушалі прызнавацца пад катаваннямі. Сучасныя прававыя сістэмы павінны былі пакінуць гэтую практыку ў мінулым, але аўтарытарныя рэжымы фактычна адаптавалі яе да новых умоў: замест камеры катаванняў — відэакамера, замест судовага пратакола — ролік для тэлебачання або сацыяльных сетак.

Прымусовыя прызнанні былі адным з ключавых элементаў старажытных судовых сістэм як на Усходзе, так і на Захадзе. На працягу стагоддзяў прызнанне, атрыманае любымі сродкамі, часта лічылася галоўнай умовай для вынясення прысуду і пакарання. Сёння падобная практыка фармальна супярэчыць уяўленням пра справядлівы суд, прэзумпцыю невінаватасці і абарону чалавечай годнасці. Аднак у аўтарытарных сістэмах яна працягвае існаваць — ужо ў абноўленым, медыятызаваным выглядзе.

Такія прызнанні і пакаянні часцей за ўсё выкарыстоўваюцца супраць журналістаў, праваабаронцаў, апазіцыйных палітыкаў і актывістаў. Але азербайджанскі прыклад паказвае, што кола патэнцыйных мішэняў можа быць значна шырэйшым.

Дзе яшчэ выкарыстоўваюць прымусовыя прызнанні?

Практыка публічных прызнанняў і пакаянных відэа характэрная не толькі для Азербайджана. Яна прымяняецца ў краінах, дзе дзяржава імкнецца кантраляваць не толькі палітычнае поле, але і публічнае выказванне незадаволенасці.

У Іране, Расіі, Кітаі, Беларусі і іншых аўтарытарных або рэпрэсіўных сістэмах такія відэа часта выкарыстоўваюцца супраць людзей, чыя дзейнасць звязана з крытыкай улады. Гэта могуць быць журналісты, блогеры, актывісты, праваабаронцы або прадстаўнікі апазіцыі.

Паводле дадзеных Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, у Іране ў перыяд з 2009 па 2019 год было паказана не менш за 355 відэаролікаў з прымусовымі прызнаннямі.

Адзін з найбольш вядомых выпадкаў звязаны з іранскім журналістам Рухолай Замам, які крытыкаваў улады Ірана. Неўзабаве пасля яго арышту дзяржаўнае тэлебачанне паказала відэа, дзе ён з завязанымі вачыма, седзячы ў аўтамабілі, прыносіць прабачэнні і кажа, што памыляўся, давяраючы ўрадам іншых краін, акрамя Ірана. Пазней журналіста пакаралі смерцю.

Яшчэ адзін гучны прыклад — беларускі журналіст і апазіцыйны актывіст Раман Пратасевіч. У 2021 годзе пасля публікацый у Telegram-канале NEXTA, у якіх крытыкаваліся ўлады Беларусі, ён быў прымусова вернуты ў краіну пасля пасадкі самалёта Ryanair у Мінску. Пазней дзяржаўнае тэлебачанне паказала 90-хвіліннае відэа, дзе Пратасевіч са слязьмі на вачах хваліць Аляксандра Лукашэнку. Праўда, беларускія сілавікі ў апошнія гады адмовіліся ад падобнага фармату катавання — зразумелі, што гэта можа быць дакументальным доказам парушэнняў.

Але практыка публічных прабачэнняў адзначаецца не толькі ў краінах, якія звычайна прыводзяць як самыя жорсткія прыклады. У розных формах яна сустракаецца і ў Цэнтральнай Азіі — у тым ліку ў Казахстане і Кыргызстане. Там відэа з прабачэннямі таксама могуць станавіцца інструментам ціску, публічнага прыніжэння або дэманстрацыі сілы таго, хто кантралюе межы дапушчальнасці выказвання.

Видео с извинениями: как Азербайджан перенял практику белорусских силовиков
Астана, Казахстан / RBK

А як у Казахстане?

У Казахстане публічныя выбачэнні людзей, “якія правініліся”, даўно сталі часткай грамадскай практыкі. Часам гаворка ідзе пра побытавыя сітуацыі — напрыклад, калі чалавек просіць прабачэння за непрыстойныя паводзіны або дарожна-транспартнае здарэнне. Але ў іншых выпадках прабачэнні выглядаюць не як добраахвотнае пакаянне, а як спосаб паказаць, хто ў доме гаспадар. У гэтым сэнсе казахстанская карціна шмат у чым падобная да азербайджанскай.

Даволі часта такія прабачэнні звязаны з адчувальнымі грамадскімі тэмамі — напрыклад, з моўным пытаннем. Так, у свой час публічна прасіць прабачэння давялося бізнесмену Равілю Мухарапаву. Ён заявіў, што адказваць на казахскай мове, калі пытанне было зададзена па-руску, — гэта прыкмета адсутнасці культуры. Пасля крытыкі і звароту грамадскіх дзеячаў у паліцыю праваахоўныя органы пачалі праверку па факце магчымага распальвання варожасці. Неўзабаве Мухарапаў прынёс публічныя прабачэнні і патлумачыў, што яго словы няправільна зразумелі. Пазней справу спынілі, бо паліцыя не знайшла складу злачынства.

Другі гучны прыклад — з артыстам Нуртасам Адамбаем. Два гады таму ён публічна папрасіў прабачэння адразу ў некалькіх палітыкаў, у тым ліку дзеючага прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева, былога прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, кіраўнікоў Расіі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дэпутата мажыліса Рыната Заітава. У сваіх публікацыях ён тлумачыў ранейшую крытыку глупствам і дзякаваў адрасатам за іх дзейнасць.

Зусім нядаўна прабачэнні прынесла і журналістка Батагоз Амарава. У канцы сакавіка яе змясцілі пад хатні арышт і распачалі крымінальную справу па падазрэнні ў распаўсюджванні загадзя ілжывай інфармацыі. У маі ў яе Telegram-канале з’явіўся афіцыйны ліст-абвяржэнне: Амарава прызнала, што раней распаўсюджаная інфармацыя пра нібыта даўгі кампаніі VD Stroy Engineering перад работнікамі Рэмстрой-1” “не адпавядае рэчаіснасці. Яна таксама выбачылася перад аўдыторыяй і тымі, каго магла ўвесці ў зман. У той жа дзень паліцыя Астаны паведаміла, што крымінальную справу спынілі ў сувязі з прымірэннем бакоў, а хатні арышт адмянілі.

Часам падобная практыка закранае і звычайных грамадзян. Увосень 2021 года ў Паўладарскай вобласці супрацоўнікі сельскага акімата прымусілі прасіць прабачэння пенсіянерку, якая зняла на відэа моцны снегапад. Жанчына адправіла ролік сваякам, але ён разышоўся па сацыяльных сетках. На наступны дзень да яе прыйшлі супрацоўнікі акімата, спыталі, ці ёсць у яе прэтэнзіі да чыноўнікаў, і знялі яе на камеру. Пасля гэтага відэа з яе прабачэннямі з’явілася ў мясцовай групе з навінамі ў WhatsApp. Пазней, пасля грамадскага рэзанансу, акім раёна папрасіў прабачэння ўжо ў самой пенсіянеркі за дзеянні падначаленых.

Кіраўніца Міжнароднага фонду абароны свабоды слова “Әділ сөз” Карлыгаш Джаманкулава назвала практыку прымусовых прабачэнняў “эрозіяй даверу”. Паводле яе слоў, прымус да прабачэння — гэта не прававы інструмент, а спосаб кіравання грамадскай думкай, прычым вельмі грубы: ён падрывае давер да праваахоўных органаў і сістэмы правасуддзя.

Видео с извинениями: как Азербайджан перенял практику белорусских силовиков
Бішкек, Кыргызстан / visit-kg.com/

А як у Кыргызстане?

У Кыргызстане публічныя прабачэнні таксама сталі рэгулярнай практыкай. Улады і сілавыя структуры часта называюць размовы з грамадзянамі, журналістамі або блогерамі прафілактычнымі гутаркамі. Але на практыцы за гэтым могуць стаяць допыт, ціск або запалохванне — без паўнавартаснага працэсуальнага статусу, позвы і гарантый абароны.

У снежні 2025 года кыргызстанка трапіла ў відэа расійскай блогеркі, і яе інтэрв’ю стала падставай для праверкі з боку ГУУС. Дзяўчыну даставілі ў ведамства, правялі з ёй “растлумачальную працу”, пасля чаго яна запісала відэа з прабачэннямі перад усімі, каго маглі абразіць яе словы.

У красавіку 2025 года падобны фармат быў выкарыстаны ў дачыненні да супрацоўніка мытні, які ў стане алкагольнага ап’янення спрабаваў схавацца ад патрульных і абражаў іх. Пасля ўмяшання ДКНБ было апублікавана відэа, дзе ён просіць прабачэння за свае дзеянні. Пазней Мытная служба звольніла яго за дыскрэдытацыю ведамства.

У маі таго ж года бішкекчанін Айбек Уланаў прынёс публічныя выбачэнні жанчынам Кыргызстана пасля таго, як у сацыяльных сетках абразліва выказаўся ў адрас жанчыны, жорстка забітай мужам. Пасля новага рэзанансу яго затрымалі паўторна, а затым аштрафавалі на 100 тысяч сомаў.

Асобная лінія — ціск пасля публікацый пра сацыяльныя або бытавыя праблемы. Так, блогерка Алтынай Джу, уладальніца папулярнага пабліка babskii_blog, у лістападзе 2025 года напісала пра сітуацыю з электрычнасцю. Пасля гэтага яе выклікалі ў ДКНБ. Выйшаўшы з ведамства, яна пахваліла спецслужбу за дружалюбнасць і выдаліла свае допісы, патлумачыўшы гэта тым, што адказнасць за каментары іншых людзей пад публікацыямі чамусьці можа легчы на яе.

Публічныя выбачэнні закранулі і журналістаў. У канцы мая 2025 года ДКНБ правёў масавыя затрыманні супрацоўнікаў незалежнага выдання Клооп. Большасць затрыманых пазней адпусцілі, але спецслужба апублікавала відэа з прабачэннямі ад шэрага супрацоўнікаў і былых супрацоўнікаў выдання. На камеру яны прасілі прабачэння ў народа Кыргызстана за тое, што нібыта ачарнялі прэзідэнта і яго блізкае асяроддзе, і абяцалі спыніць супрацоўніцтва з Клооп Медыя.

Публічна прасіць прабачэння за журналістыку давялося і шэф-рэдактару “Спадарожніка” Эркіну Алымбекаву. Гэта адбылося ў 2023 годзе пасля выхаду расследавання пра падрадчыкаў будаўніцтва ў Баткенскай вобласці, звязаных з кіраўніком справамі прэзідэнта Каныбекам Туманбаевым. Алымбекава не затрымлівалі, але выданне публічна крытыкавалі прадстаўнікі ўлады, а расследаванне каментаваў прэзідэнт Садыр Жапараў. У выніку Алымбекаў сам запісаў відэа, дзе прынёс прабачэнні за створаныя нязручнасці.

Падобная практыка існавала і раней. У перыяд пандэміі каронавіруса ўлады Кыргызстана рэгулярна дамагаліся прабачэнняў ад лекараў і грамадзян за крытыку недахопу масак, пальчатак, антысептыкаў, лекаў і медыцынскага абсталявання. Адзін з вядомых выпадкаў звязаны з урачом Бектурам Апышавым: ён расказаў пра адсутнасць якасных масак у медыкаў, а неўзабаве ў сацыяльных сетках з’явілася відэа, дзе ён просіць прабачэння і абвяргае свае словы.

Тады ж выбачэння патрабавалі і ад бішкекчаніна Эльдзіяра Жалдошава, які крытыкаваў улады за бяздзейнасць у барацьбе з каронавірусам. Пасля адмовы здымацца ў выбачальным відэа супраць яго ўзбудзілі справу аб “распальванні варожасці”. Для праверкі яго выказванняў прыцягвалі лінгвістаў — і к 2026 году такія экспертызы ўжо сталі звыклай часткай ціску на крытыкаў.

Пасля шэрагу скандалаў і падзення ўзроўню свабоды слова ў Кыргызстане прэс-сакратар прэзідэнта Аскат Алагозаў у сакавіку 2026 года заявіў, што праваахоўным органам рэкамендуюць ужываць да журналістаў, грамадзянскіх актывістаў і бізнесменаў “прэвентыўныя меры”, не звязаныя з арыштам. На практыцы ўніжальныя відэа з адмовай ад сваіх слоў, прызнаннем віны або самаабгаворам могуць стаць часткай менавіта такіх “прэвентыўных мер”.

Видео с извинениями: как Азербайджан перенял практику белорусских силовиков

Чым азербайджанская практыка адрозніваецца ад іншых прыкладаў?

У міжнароднай практыцы такія відэа часцей за ўсё прымяняюцца да людзей, якіх улада ўжо ўспрымае як палітычных апанентаў: журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў, апазіцыянераў.

У Азербайджане, паводле вядомых выпадкаў, гэты інструмент выкарыстоўваецца значна шырэй. Пад удар можа трапіць не толькі грамадскі дзеяч, але і звычайны грамадзянін, які паскардзіўся на ўмовы жыцця, расказаў пра меркаваную карупцыю або выказаў незадавальненне дзеяннямі дзяржаўных структур.

Як выглядаюць такія відэа?

У падобных ролікаў часта ёсць агульныя прыкметы. Чалавек гаворыць манатонна і афіцыйна. Яго маўленне гучыць не як жывы аповед, а як загадзя напісаны і завучаны тэкст. Фармулёўкі бываюць занадта акуратныя, бюракратычныя або ненатуральныя для звычайнай спантаннай гаворкі.

Кідаюцца ў вочы і паводзіны чалавека ў кадры: напружаная пастава, скаваная міміка, адсутнасць эмацыянальнай свабоды. Часта такія відэа здымаюцца ў афіцыйных на выгляд памяшканнях. Чалавек звычайна сядзіць адзін перад камерай, без суразмоўцы, без магчымасці задаваць пытанні або тлумачыць абставіны.

Змест таксама паўтараецца. Чалавек выказвае шкадаванне пра свой учынак, адмаўляецца ад ранейшых слоў, заяўляе, што памыляўся, і часам хваліць прадстаўнікоў улады або дзяржаўныя структуры. У выніку гледачу паказваюць не тлумачэнне, а акт падпарадкавання.

Пры гэтым даказаць звонку, што канкрэтнае відэа было запісана пад прамым ціскам, не заўсёды магчыма. Але сама паўтаральнасць фармату, хуткасць з’яўлення такіх ролікаў пасля крытычных заяў і характар маўлення ствараюць устойлівае адчуванне прымусу.

Юрыст Эмін Абасаў лічыць, што ўлада выкарыстоўвае гэты інструмент ужо шмат гадоў, таму грамадства ў цэлым не верыць у шчырасць падобных відэа. Паводле яго слоў, самі ўлады таксама разумеюць, што даверу да такіх ролікаў амаль няма.

Чаму гэта небяспечна?

Відэа з прабачэннямі падмяняюць сабой прававыя працэдуры, лічыць Эмін Абасаў. Калі чалавек зрабіў ілжывую заяву, парушыў закон або абылгаў кагосьці, у прававой дзяржаве гэта павінна разглядацца праз суд, з удзелам адвакатаў, доказаў і незалежнага разбору. Але публічнае пакаянне перад камерай выводзіць канфлікт з прававога поля і ператварае яго ў дэманстрацыю сілы.

Такая практыка парушае адразу некалькі базавых прынцыпаў.

Па-першае, яна прыніжае чалавечую годнасць. Чалавека не проста прымушаюць адмовіцца ад сваіх слоў — яго робяць аб’ектам публічнага пакарання.

Па-другое, яна падаўляе свабоду выказвання. Іншыя грамадзяне, бачачы падобныя відэа, могуць адмовіцца ад жадання гаварыць пра ўласныя праблемы, нават калі гэтыя праблемы рэальныя.

Па-трэцяе, яна аслабляе давер да дзяржаўных інстытутаў. Замест адказу на скаргу грамадства бачыць ціск на скаржніка. Замест расследавання — прабачэнні. Замест дыялогу — страх.

І нарэшце, такая практыка звужае прастору для незалежнай інфармацыі. Калі чалавек разумее, што за публікацыю скаргі ў сацыяльных сетках можа рушыць услед публічнае прыніжэнне, ён, хутчэй за ўсё, аддасць перавагу маўчанню.

Няма справядлівага суда, няма незалежных медыя — хто наступны?

Відавочна, што недэмакратычныя краіны, дзе не працуе вяршэнства права, нецярпімыя да іншага, альтэрнатыўнага, крытычнага меркавання. Таму што такая ўлада не атрымлівае сваю сілу легітымна — з голасу грамадства. З пункту гледжання правоў чалавека я не магу ўявіць больш разбуральную палітыку, чым закрыццё перад грамадзянамі ўсіх дзвярэй, — кажа Эмін Абасаў.

Калісьці незалежныя азербайджанскія медыя маглі дабірацца нават да самых аддаленых сёл і станавіцца голасам грамадзян. У лепшым выпадку пасля публікацый праблемы вырашаліся. У горшым — нічога не змянялася, але людзі хаця б атрымлівалі магчымасць выказацца і быць пачутымі.

Аднак з 2023 года ціск на журналістаў незалежных медыя ў Азербайджане фактычна быў накіраваны на тое, каб прымусіць маўчаць тых, хто прафесійна займаецца пошукам і публікацыяй грамадска значнай інфармацыі. Але цалкам дасягнуць гэтага было немагчыма, пакуль у кожнага чалавека заставалася магчымасць данесці сваю праўду праз сацыяльныя сеткі.

Мяркуючы па ўсім, цяпер улады спрабуюць абмежаваць і гэтую магчымасць. Калі раней асноўнай мішэнню станавіліся журналісты, актывісты або апазіцыянеры, то цяпер пад удар можа трапіць любы чалавек, які публічна выказаў незадаволенасць.

Пры падтрымцы Медыясеткі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.