Торт "Кіеўскі" і каўбаса "Кракаўская" не змогуць атрымаць у Беларусі "Знак якасці"

Торт "Кіеўскі"

Торт "Кіеўскі" / pexels.com

У Беларусі змянілі правілы прысуджэння Дзяржаўнага знака якасці. Адпаведную ўрадавую пастанову падпісаў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.

У гэтым дакуменце мяняюцца правілы працы атэстацыйнай камісіі і ўдакладняецца механізм ацэнкі прадукцыі. У прыватнасі, у пастанове прыводзіцца пашыраны пералік падставаў для адмовы.

Напрыклад, "Знак якасці" цяпер не зможа атрымаць тавар, у назве якога выкарыстоўваецца геаграфічнае ўказанне, якое не адносіцца да тэрыторыі Беларусі. Маюцца на ўвазе абазначэнні, якія адсылаюць да пэўнага рэгіёну і яго рэпутацыі, але не маюць дачынення да краіны паходжання. Можна згадаць, напрыклад, торт "Кіеўскі" ці гатункі каўбасы — "Кракаўская" або "Маскоўская".

Таксама ў дакуменце асобныя нормы прыводзяцца ў адпаведнасць з дзеючым парадкам ацэнкі. Пастанова прыбірае лішнія патрабаванні і спрашчае прымяненне правілаў на практыцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.