45 рублёў за права не працаваць? Эканаміст — пра новы падатак для самазанятых
Хто галоўны дармаед? / DW
З 1 ліпеня 2026 года для самазанятых у Беларусі ўводзіцца мінімальны падатак — 45 рублёў на месяц. Плаціць гэтую суму давядзецца нават у тым выпадку, калі налічаны прыбытак аказаўся ніжэйшым.
Улады тлумачаць меру барацьбой з так званымі “дармаедамі”. Але ці сапраўды беларусы нешта недаплачваюць дзяржаве і ці дапаможа гэта эканоміцы?
Пра гэта Еўрарадыё запыталася ў эканаміста, кіраўніка праекта “Кошт урада” Уладзіміра Кавалкіна.
“Познесавецкая андропаўшчына”
— Падатак для самазанятых. Дзяржава лічыць, што так званыя “дармаеды”, каб не быць дармаедамі, часта афармляюць сябе самазанятасць, але пры гэтым нібыта працягваюць заставацца “дармаедамі”. І вось яны вырашылі, што нават калі ў цябе няма ніякага прыбытку, ты мусіш плаціць дзяржаве 45 рублёў, каб тая нешта атрымлівала ад усіх. Ці эфектыўна гэта?
— Для беларускай эканомікі гэтая мера цалкам неэфектыўная, — упэўнены Уладзімір Кавалкін. — Я гляджу на лічбы: на сёння ў нас недзе 250 тысяч плацельшчыкаў. Калі ўсе яны будуць плаціць па 45 рублёў у месяц, атрымаецца толькі 135 млн у год.
Думаю, што, хутчэй за ўсё, гэта такая ідэалагічная гісторыя барацьбы з “дармаедамі”. Маўляў, кожны мусіць працаваць. Такая “познесавецкая андропаўшчына” — усе на завод.
Калі ты зарабіў нават 10 млн долараў, ты не можаш проста так сядзець і жыць на свае мільёны. Ідзі працуй на завод — працоўных рук не хапае. Мільянер, але ідзі лупі пелеты і падымай экспарт.
— Што б вы параілі рабіць тым, хто аформіў самазанятасць, але фактычна не працуе?
— Калі вы не хацелі працаваць, але знайшлі такую нішу, падлічыце, што вам даражэй: аплочваць камуналку па падвышаных коштах ці гэтыя 45 рублёў? Выбірайце таннейшае для вас. Калі вы насамрэч працавалі, як тыя ж рамеснікі, гэта яшчэ адзін пункт выдаткаў для вас.
Звычайна дзяржава так і робіць: спачатку стварае інстытут з вельмі нізкімі падаткамі, каб усе выйшлі з ценю, а потым пачынае іх павялічваць: промаперыяд закончаны — плаціце грошыкі.
Як рэагуюць беларусы
У сацыяльных сетках навіну сустрэлі крытычна.
Адзін з карыстальнікаў піша:
— Гэта ж наколькі трэба быць хітрым, каб такія законы ўводзіць. Уласна, закон і справядлівасць — гэта розныя рэчы.
Іншы звяртае ўвагу, што падатак будзе расці:
— Кожны год гэтая сума будзе павялічвацца. 45 рублёў — гэта ж адна базавая велічыня.
Яшчэ адзін каментатар лічыць, што дзяржава проста шукае новыя крыніцы даходаў:
— Не спіць, усё думае, як можна больш грошай сабраць.
Карыстальнікі таксама адзначаюць, што нават невялікі фіксаваны плацеж можа стаць дадатковым ціскам для тых, хто фактычна не мае стабільнага даходу, і ператварае саму ідэю самазанятасці ў менш гнуткую і больш абавязковую мадэль, чым яна задумвалася першапачаткова.