Ускладненні аж да смерці: як перажыць спёку
Беларусаў чакае гарачае надвор'е / Еўрарадыё
Гэтым летам у некаторых рэгіёнах Беларусі тэмпература паветра ўжо перавышала 30°С. Мяркуючы з чаканняў сіноптыкаў, гарачых дзён будзе яшчэ шмат.
Гэта значыць, што беларусам пагражаюць цеплавыя і сонечныя ўдары і проста дыскамфорт ад занадта высокай тэмпературы. Еўрарадыё даведалася, што рэкамендуюць беларускія медустановы, каб лягчэй перанесці спёку. А таксама як дапамагчы сабе і іншым у выпадку неабходнасці.
Што адбываецца з чалавекам у спёку?
Пры высокай тэмпературы паветра ў чалавека павышаецца потавыдзяленне. Праз гэта парушаецца водны і солевы баланс, жыўленне цягліцавых клетак пагаршаецца, падае працаздольнасць арганізма, могуць часцей адбывацца сардэчна-сасудзістыя прыступы.
З'яўляецца рызыка атрымаць цеплавы або сонечны ўдар. У выпадку з другім неабавязкова быць на адкрытым сонцы. Гэтыя праявы можна пазнаць па падвышанай тэмпературы цела, пачашчаным пульсе, галавакружэнні, ванітах. Часта чырванее скура. У цяжкіх выпадках чалавек губляе прытомнасць, з'яўляюцца курчы.
Як пазбегнуць удараў і перанесці высокую тэмпературу лягчэй?
Базавая рэкамендацыя — як мага менш быць на адкрытым сонцы, асабліва калі яно найбольш актыўнае, гэта значыць, з 12:00 да 16:00. Калі выйсці на вуліцу ў гэты час трэба, абараняйцеся ад сонечных прамянёў лёгкім светлым адзеннем, капелюшамі і парасонамі.
Каб кампенсаваць страту вадкасці праз потавыдзяленне, варта больш піць. Ідэальна — астуджаную ваду без газу. Ад алкаголю, кавы і салодкіх газаваных напояў лепш адмовіцца. Праз іх арганізму будзе цяжэй спраўляцца са спякотай. Калі доктар рэкамендаваў абмежаваць спажыванне вады праз праблемы з ныркамі, то трэба пракансультавацца з ім, як быць.
Асцярожней трэба быць з ежай — абмежаваць пакупкі з рук, бо ў спякоту бактэрыі размнажаюцца вельмі хутка. Таксама аддайце перавагу лёгкай ежы, напрыклад, халадніку і агароднінным салатам. Лепш пазбягаць смажанага і салодкага.
Што рабіць, калі ўсё ж зрабілася дрэнна?
Калі вы выявілі прыкметы цеплавога або сонечнага ўдару (разнавіднасць цеплавога), трэба адразу звярнуцца па дапамогу да медыкаў. Ускладненнямі пры цеплавым удары могуць быць шок, пашкоджанне мозгу і ўнутраных органаў і смерць.
У якасці першай дапамогі Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе зайсці ў прахалоднае кандыцыянаванае памяшканне, напрыклад, гандлёвы цэнтр або кінатэатр. Таксама здыміце цеснае адзенне і абутак.
Дапаможа вада: прахалодны душ або абкручванне вільготнай прасцінай пад вентылятарам.
Цеплавы ўдар адбываецца не толькі праз абязводжванне, але і праз страту соляў, якія выходзяць з потам. Таму рэкамендуецца разбавіць у літры вады дзве чайныя лыжкі солі і выпіць.
Каб знізіць тэмпературу цела, да шыі, спіны, вобласці падпах і пахвіны можна прыкласці мяшэчкі з лёдам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.